viasna on patreon

Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя

2020 2020-11-24T16:46:47+0300 2020-12-09T18:24:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/spring-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека. 

Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць на сайце Беларускага Радыё Рацыя па любых са спасылак тут, альбо тут.

Анонс праграмы на 24 лістапада:

Хроніка: Адсочым, як адбываецца пераслед у краіне: затрымалі падчас таго, як ішоў забіраць дзіця са школы, асудзілі за пікетаванне ў выглядзе ўскладання кветак забітаму Раману Бандарэнку, пры абскарджванні рашэння суда першай інстанцыі суддзя “абвіняў і думаў над рашэннем дзве хвіліны”. Але ёсць і дзіўныя выключэнні: жыхару Лынтупаў далі не штраф і не суткі, а — папярэджанне, а ў Віцебску ўвогуле скасавалі адміністрацыйную справу ў дачыненні да журналіста Вячаслава Лазарава.Тым часам, узмацняецца і крымінальны пераслед, а разам з ім — і вобшукі.

Каментар эксперта: Узгадаем тых, хто ўзгадваў Рамана Бандарэнку і за гэта быў рэпрэсаваны. Генеральная пракуратура вынесла папярэджанне біскупу Касабуцкаму за яго словы пра "здзек над партрэтамі забітага”, а таксама ўзбудзіла крымінальную справу за тое, што ўрач перадаў журналістцы TUT.BY звесткі пра  медыцынскі стан Бандарэнкі — і ўрача, і журналістку Кацярыну Барэсевіч затрымалі. Такія рашэнні Генеральная пракуратуры — непісьменныя, лічыць праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч. У рубрыцы пачуем праваабарончы аналіз сітуацыі, а таксама успомінім яшчэ раз Рамана Бандарэнку: якім ён быў чалавекам? — распавядзе таварыш і сусед Рамана па пад’езду.

Каментар: Звернем увагу на тое, як у цяперашняй Беларусі ужываюць палітычныя рэпрэсіі на падставе рэлігіі. Берасцейскі краязнаўца і хрысціянін Ігар Бараноўкі на сваім  допыце  пачуў шмат цікавых меркаванняў ад сілавікоў: напрыклад, "святар грэка-каталіцкай царквы раздаваў грошы з кішэні, каб каардынаваць мітынгі". Сілавікі прыбіраюць кветкі і разбураюць лампадкі, а чалавека асудзілі за тое, што перакрысціўся ў памяць аб забітым Рамане. Пачуем таксама, як двух журналістаў — Алену Шабуню і Зміцера Лупача — асудзілі за сюжэт на Белсат пра выгнанне з Беларусі ксяндза-грамадзяніна Польшчы.

У музычных паўзах паслухаем кампазіцыі ў выкананні гуртоў “Кассиопея” і “Петля пристрастия”. Іх удзельнік Ілля Чарапко-Самахвалаў асуджаны на 15 сутак за ўдзел у нядзельнай акцыі пратэсту ў Мінску.

https://spring96.org/wp-content/uploads/2014/07/2020-11-24_Eva_VIASNA_AN.mp3

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства