Знявага дзяржаўнага сцяга і "хуліганка": суды ў Берасці і Гомелі
17 лістапада вынесены прысуд па крымінальнай справе жыхара Берасця Юрыя Касцюка за знявагу дзяржаўнага сцяга.
Суддзя Ленінскага раёна Аляксандр Семянчук палічыў Касцюка вінаватым па артыкуле 370 Крымінальнага кодэксу і прызначыў пакаранне, якое запытваў пракурор Ляшчук (максімальнае пакаранне па дадзеным артыкуле) – адзін год абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Па матэрыялах следства, 4 верасня Юрый Касцюк ішоў з сябрамі каля гасцініцы “Маладзёжная”.
У часе размовы Касцюк тузануў дзяржаўны сцяг, які там вісеў. Сцяг зваліўся.
Асобу юнака неўзабавае ўстанавілі. Адміністрацыя гатэлю вылучыла матэрыяльныя прэтэнзіі за зламанае дрэўка ў памеры 58 рублёў.
У Берасці - новы суд у лістападзе за знявагу дзяржаўнага сцяга
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля ў гэтыя хвіліны разглядаецца аналагічная справа Георгія Васіленкі, але па ч. 2. арт 339 КК (Хуліганства).
Георгій Васіленка 16 жніўня спусціў з флагштока дзяржсцяг і падняў бел-чырвона-белы сцяг.
Суддзя - Сяргей Салоўскі. Пракурор - Жураўская.