viasna on patreon

Купалавец і музыка распавёў пра сваё жорсткае затрыманне на "Арлоўцы", метку на твары ад сілавікоў і крымінальную справу

2020 2020-11-14T11:48:06+0300 2021-09-02T15:48:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/erik_kup_muz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28-гадовага купалаўца і музыку гуртоў Harotnica mix і Luty Sakavik Эрыка Арлова-Шымкуса затрымалі 25 кастрычніка ў Мінску на Маршы «Народны ультыматум» пасля жорсткага разгону гранатамі на вуліцы Арлоўская. Сілавікі выцягнулі хлопца з пад'езда, збівалі, пагражалі і паставілі маркерам на яго твары метку. Эрыка асудзілі на 12 сутак арышту па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП, увесь час яго утрымлівалі ў ЦІП на Акрэсціна. З «сутак» музыка выйшаў у статусе падазраванага па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за тое, што нібыта «кідаў камяні ў Цэнтральнае РУУС» ці «ўдарыў АМАПаўца» – ён так сам і не зразумеў, у чым яго хочуць абвінаваціць. Музыка распавёў «Вясне» пра сваё затрыманне, як ён сутыкнуўся з жорсткасцю сілавікоў і пра  крымінальную справу.

Эрыка Арлоў-Шымкус. Фота з сацсетак
Эрык Арлоў-Шымкус. Фота з сацсетак

«У пад'езд заляцелі сілавікі»

Увечары 25 кастрычніка Эрык з маці былі на вуліцы Арлоўскай, калі пачалі выбухаць света-шумавыя гранаты. Яны напужаліся і з іншымі людзьмі пабеглі хавацца ў пад'езд бліжэйшага дому. Там хавалася каля 15 чалавек. Але некаторых з іх, у тым ліку і Эрыка, у той вечар затрымалі.

«Адзін з жыхароў пускаў да сябе ў кватэру папіць вады ды схадзіць у прыбіральню. Але былі і іншыя жыхары – пара ва ўзросце, якім мы былі вельмі не даспадобы. Як мне потым казалі, гэтая жанчына ва ўзросце і падказала сілавікам, што мы тут хаваемся.

У пад'езд заляцелі сілавікі. Адзін з іх, здаецца, быў з помпавай зброяй. Як мне падалося, яны былі ў форме колеру хакі, але казалі потым, што былі і проста ў чорным. Яны загадалі нам легчы на прыступкі і пачалі выводзіць хлопцаў. Мяне выводзілі з пад'езду апошнім. Калі я быў амаль унізе, бачыў, што аднаго з хлапцоў ужо моцна збіваюць дубінкамі, і тады я маральна падрыхтаваўся. 

Мяне паставілі на калені і пасля мне прыляцела два ўдары дубінкай па правай назе – па сцёгнах – з пытаннем "Што ты тут робіш?". Я сказаў, што спужаўся выбухаў. Пасля гэтага мне прыляцела яшчэ два ўдары дубінкай па левай назе з пытаннем "Дзе ты будзеш наступны раз?" Я адказаў, што дома. Потым мяне вывялі на вуліцу».

«Калі хтосьці з супрацоўнікаў бачыў на маім твары метку, казаў: "О, табе п****"» 

Эрык з гуртом Luty Sakavik на фестывале
Эрык з гуртом Luty Sakavik на фестывале "Рок за жыццё" супраць смяротнага пакарання. Фота: spring96.org

Па словах Эрыка, яго падвялі да аўтазака, дзе супрацоўнікі забралі яго тэлефон. Але ён быў зламаны праз удары дубінкай і не працаваў. Тады на твары Эрыка сілавікі паставілі метку.

«Адзін з сілавікоў падняў маю галаву за валасы і паставіў на левай шчацэ нейкія знакі маркерам. Я дагэтуль не ведаю, што канкрэтна намалявалі, бо не было люстэрка. Пасля закінулі ў аўтазак, дзе я атрымаў некалькі лёгкіх удараў па галаве рукамі ад тых, хто сядзеў унутры.

Пасля нас павезлі ў Цэнтральнае РУУС. Там нас было каля 50 чалавек. У РУУС нас больш не білі, але ўвесь час было адчуванне, што яшчэ будуць, бо гучалі абразы ды агрэсіўныя рэплікі ў наш адрас. Калі хтосьці з супрацоўнікаў бачыў на маім твары метку, казаў: "О, табе п****"».

«Казалі, што АМАП пусціць мяне па коле анальна палкай» 

У Цэнтральным РУУС на Эрыка склалі пратаколы па артыкулах 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню супрацоўніку міліцыі). Ён распавёў, што там яму ўвесь час пагражалі збіццём і нават згвалтаваннем.

«Мяне яшчэ вадзілі да нейкіх операў, якія таксама агрэсіўна сябе паводзілі. Казалі, што АМАП пусціць мяне па коле анальна палкай. Таксама казалі, што хочацца мяне пабіць, але шкада, "бо мяне яшчэ і так будуць біць АМАПаўцы", але я на гэта ніяк не рэагаваў.

Я ім казаў, што са мной адбывалася, мае паказанні тыпу запісвалі, але калі раздрукавалі пратакол, то там быў зусім іншы тэкст. Там было напісана, што я неаднаразова хадзіў на Маршы пра прызывах тэлеграм-каналаў і 25-га кастрычніка я ўдарыў АМАПаўца ў жывот. Ад подпісу гэтай лухты я адмовіўся. За ўвесь час мяне яшчэ два разы здымалі на камеру, але я казаў тое, што і потым на судзе. Пасля мы пабылі яшчэ ў «стакане» ў РУУСе і пад раніцу нас завезлі на Акрэсціна».

Крымінальнае справа за тое, што «кідаў камяні ў Цэнтральнае РУУС» ці «ўдарыў АМАПаўца»

У ІЧУ на Акрэсціна Эрыку прысудзілі 12 сутак арышту. Як распавёў музыка, туды да яго прыходзілі і супрацоўнікі ГУБАЗіКа, і прэс-служба МУС, якая хацела запісаць з ім пакаяльнае відэа. У яго запытвалі, ці не кідаў ён камяні ў Цэнтральны РУУС. Удзельнічаць у запісы такога відэа хлопец адмовіўся.

Нагадаем, пасля завяршэння Маршу 25 кастрычніка ў Мінску Іван Кубракоў – на той момант яшчэ начальнік ГУУС Мінгарвыканкама – заявіў, што пратэстоўцы кідалі камяні ў супрацоўнікаў міліцыі, спецтэхніку і ў будынак Цэнтральнага РУУС.

«Супрацоўнікамі органаў унутраных спраў былі затрыманыя актыўныя ўдзельнікі, якія нападалі менавіта на Цэнтральнае РУУС, а таксама тыя, хто зладзіў бясчынствы ў спальных раёнах у раёне вуліцы Нававіленскай. Усяго затрымана каля 120 чалавек», – растлумачыў жорсткі разгон пратэстоўцаў і прымяненне спецсродак Кубракоў.

Праз тыдзень пасля затрымання, 2 лістапада, Эрыка з Акрэсціна вазілі да следчай Цэнтральнага раёну, дзе ён дазнаўся, што праходзіць падазраваным па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса – падрыхтоўка або актыўны ўдзел у дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак. Па словах Эрыка, яму спрабавалі інкрымінаваць, што ён ці ўдарыў АМАПаўца, ці кідаў камяні ў Цэнтральнае РУУС. 

Першы раз ён даў толькі анкетныя дадзеныя, а на другі раз, калі да следчых дзеянняў з Эрыкам змагла далучыцца адвакатка, ён адмовіўся ад дачы паказанняў, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі. У яго забралі куртку на экспертызу. Больш ніякіх дзеянняў па гэтай крымінальнай справе з ім не адбывалася. Па стане 14 лістапада яму так і не выставілі абвінавачванні.

Купалаўцы сустракаюць Эрыка з
Купалаўцы сустракаюць Эрыка з "сутак". Фота з сацсетак

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства