viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Мой даўні сябра Лёня

2020 2020-06-06T10:00:41+0300 2020-06-06T10:15:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stef-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч.

Ен з’явіўся на “кропцы” нечакана. Высокі, шырокі ў плячах. Нешта незвычайнае бачылася ў ягоным позірку. Можна было б сказаць, што ён быў проста нахабны, але гэта было не так. У ім было штосці большае, пэўны выклік і сіла. Так выглядаюць людзі, якія не скарыліся. Не скарыліся той жосткай сістэме, у якой яны па волі лёсу апынуліся. Так выглядаюць бунтары і паўстанцы, аматары свабоды і адназначныя нефармальныя лідары.

Ягонае з’яўленне ў нашай шэрай штодзённасці было цікавай і яскравай падзеяй. Мы былі з ім аднаго прызыву і землякамі. Лёня, так яго звалі, паходзіў з палякаў Шчучанскага р-на Гарадзеншчыны. Да нас яго перавялі з-пад расейскай Кастрамы, дзе ён служыў у частках РВСП (ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння).

Пазней мы даведаліся, што ён па-просту фактычна дэзірціраваў адтуль, калі прадстаўнікі шматлікага таджыкскага зямляцтва, якому ён супрацьстаяў у жаданні захаваць сваё чалавечае аблічча і неператварыцца ў вечнага “чмыра”, прыгаварылі яго да смерці. Ён не стаў чакаць, калі з ім канчаткова разбяруцца. Уначы ён збег з часткі і некалькі сутак прабіраўся праз лес і балаты, уздоўж чыгункі на Радзіму. Ня ведаю, якім чынам яму ўдалося пазбегнуць адказнасці за гэта, магчыма таму, што “саюз” ужо  валіўся з капыт і выпадкі пакідання вайсковых частак салдатамі  на той момант было звычайнай з’явай. Перашыўшы свае чорныя пятліцы і пагоны ракетчыка на блакітныя ВПС (ваена-паветраных сіл), ён стаў служыць адным з аператараў РЛС (радыёлакатарнай станцыі) і адразу стаўся нефармальным лідэрам усяго наша прызыву, ды што там – усяго гарнізону. У яго было вельмі вострае пачуццё несправядлівасці, а самае галоўнае – ён супрацьстаяў гэтаму, рашуча і прынцыпова.

stefanovich92-01.jpg
Валянцін Стэфановіч у войску.

Ягонае з’яўленне нагадвала мне з’яўленне Макмёрфі ў дурдоме ў вядомым амерыканскім фільме “Пралятаючы над гняздом зязюлі”. Лёня, як і галоўны герой фільма ў выкананні таленавіта актора Джэка Нікалсана, ламаў устаялы панылы рэжым. У тым ліку і дзедаўшчыны. Ён ламаў усе ўстоі, якія былі вельмі зручнымі для “парадку” і на якія гадамі закрывалі вочы афіцэры. Ён не прызнаваў іерархій, плыў супраць плыні. 

Я памятаю, як адзін самых лютых дзядоў на кропцы, любімчык афіцэраў, старэйшы сяржант Наскоў, прымусіў маладога салдата, які толькі прыйшоў з вучэбкі да нас на “кропку”, чысціць ягоныя парадныя чаравікі. Нас, “чарпакоў”, гэта нібыта не датычылася, так было заўсёды, маладыя ва ўсім вінаватыя і мусяць рабіць усю брудную працу за дзядоў. Але гэта была не проста прыборка ці мыццё падлогаў у кубрыку, гэта была знявага асобы,  дэманстратыўнае прыніжэнне. І гэта было тое, што Лёня не ўспрымаў і чаму ён заўсёды інтуітыўна супрацьстаяў. Не таму, што ён быў гэткі начытаны разумнік-гуманіст, не, проста ў яго было нейкае прыроднае, першабытнае  адчуванне свабоды, ён сам быў містэр свабода, містэр рок-н-ролл.

Лёня выхапіў чаравікі з рук бедалагі і швырнуў іх у кут.

“Ідзі у капцёрку і кінь іх на падлогу, нічога не бойся!”

А сам гучна, так каб гэта чуў старэйшы сяржант, сказаў:

 “Калі ён яго хоць пальцам кране, я яго ўрою”.

Бедалага так і зрабіў і нічога за гэта яму не было. Увесь старэйшы прызыў дзядоў змаўчаў, як і сам старэйшы сяржант. Яны моўчкі, ціха ненавідзелі Лёню, афіцэры яго пабойваліся. Дакладней, ягонага “разлагаючага” дысцыпліну ўплыву на “лічный састав”у нашым “дурдоме.”

Пры гэтым ён сам не быў нейкім анёлам з крылцамі, далёка не – часцяком  бегаў  у “самаходы”, ўжываў недзе раздабыты самагон, а на “кропку” да яго рэгулярна прыбягалі дзяўчаты. Ен любіў дзяўчат, а яны любілі яго. Вядома такі лад жыцця быў цяжка сумяшчальны з войскам, таму Лёня часта сядзеў на гаўптвахце. Мы развіталіся з ім у лістападзе 1992 года, калі я быў дэмабілізаваны з войска.

Дома пачалося іншае жыццё, якое цалкам захапіла і закруціла мяне. Ні з кім са сваіх вайсковых сяброў я больш не бачыўся. Часам я ўзгадваў Лёню. У маёй памяці ён застаўся гэткім Макмёрфі, разбураючым “векавыя ўстоі”.

Прахадная Мінскага падшыпнікавага завода.
Прахадная Мінскага падшыпнікавага завода.

Аднак неяк у 1998 годзе, калі я працаваў юрыстам на МПЗ (Мінскі падшыпнікавы завод), у суседні з маім кабінетам аддзела кадраў зайшоў ён, Лёня! Я радасна падбег да яго. Аказваецца ён перабраўся у Мінск і прыйшоў уладковацца на працу. На радасцях  я прапанаваў яму сустрэцца пасля працы, выпіць па чарачцы, узгадаць былыя дзянькі. Аднак са здзіўленнем я пачуў, што Лёня не пье. Увогуле ён выглядаў не такім, як я яго памятаў шесць гадоў назад.  Мы разгаварыліся. Аказалася, што за гэтыя гады Лёня паспеў некалькі разоў адседзець у турме, а падчас сваёй апошняй  адсідкі ён навярнуўся да Бога. Ен стаў пратэстанцкім вернікам. Гэта быў іншы Лёня, стрыманы, які болей не піў, не паліў і не ўжываў слэнг. Такое пераўтварэнне было вельмі нечаканым для мяне. Гэты былі проста два розныя чалавекі!

 Мы сталі бачыцца даволі часта, паколькі працавалі на адным заводзе. З цягам часу я ўбачыў што гэта ўсё ж той жа Лёня. Лёня, які здолеў супрацьстаяць сістэме і тым абставінам, у якіх ён апынуўся. Не скаціўся, не згінуў і не дэградаваў. Ен ізноў праявіў сілу і моц. Гэта быў ён, проста ў новай, крыху нязвыклай для мяне форме. Ен ізноўку перашыў пятліцы, але сутнасна гэта нічога не змяніла ў ім.

Пасля нашыя шляхі  разышліся і мы згубіліся на доўгі час. У верасні 1998-га я звольніўся з завода, прыняўшы канчатковае рашэнне далучыцца да “Вясна”.

Але гады тры назад мы ізноўку сустрэліся. Абодва былі вельмі радыя бачыць адзін аднога. Лёня працягваў здзіўляць мяне. Ен быў бацька дзесяці дзяцей! Паспяхова займаўся будаўнічым бізнэсам, быў як заўсёды жыццярадасны і аптымістычны.  І што мне асабліва падабалася, што ягоная рэлігійнасць, яна не была навязлівай і дэманстратыўнай. Мы абодва паважаем адзіна аднога, разумеючы што мы розныя, але ў нас пры гэтым  так шмат агульнага.

У мінулым годзе Лёня атрымаўшы карту паляка ўсёй сям’ёй перабраўся на сталае жыхарства ў Польшчу. Як спяваў вядомы свярдлоўскі гурт Чайф “был армейский дружок – уехал»….  Але мы працягваем падтрымліваць кантакты. І я не перастаў здзіўляцца на яго, майго сябру Лёню.

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства