viasna on patreon

Блог Валянціна Стэфановіча: Каб служба мёдам не здавалася?

2014 2014-11-28T09:56:23+0300 2015-05-15T11:18:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich_27.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч зрабіў каментар да некаторых палажэнняў законапраекта аб альтэрнатыўнай службе, прынятага ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 10 лістапада.   

Праблема адсутнасці практычнай рэалізацыі магчымасці замены вайсковай службы альтэрнатыўнай, гарантаванай артыкулам 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, налічвае ўжо больш за дваццаць гадоў – ад моманту прыняцця ў сакавіку 1994 года Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая прадугледзіла такую магчымасць. На гэтую праблему ў свой час звярталі ўвагу і Канстытуцыйны суд краіны, і актывісты грамадзянскай супольнасці, і праваабарончыя арганізацыі. У 2004 годзе законапраект аб альтэрнатыўнай службе ўносіўся на разгляд у Палату прадстаўнікоў дэпутатам Уладзімірам Навасядам, але быў адхілены парламентарамі.

Мелі месца выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве асобаў, якія заяўлялі пра сваё права на альтэрнатыўную службу і немагчымасць праходжання вайсковай службы паводле пераканняў сумлення.

Трэба адзначыць, што абарона дзяржавы ў выпадку знешняй агрэсіі з’яўляецца адным з абавязкаў грамадзяніна. Аднак праваабаронцы заўсёды зыходзілі з таго, што гэты абавязак не з’яўляецца абсалютным і павінен улічваць такія ж гарантаваныя асобе правы як свабода сумлення, поглядаў і пераканняў, свабода бесперашкодна іх прытрымлівацца. Ніхто не можа быць змушаны да адмовы ад сваіх перакананняў. Гэтыя правы знайшлі сваё адлюстраванне і ў нашай Канстытуцыі.

Згодна з артыкулам 57 Канстытуцыі, абарона Рэспублікі Беларусь – абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы альбо замены яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.

Праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб альтэрнатыўнай службе”, які прадугледжвае практычную рэалізацыю дадзенай канстытуцыйнай нормы, зараз знаходзіцца ў Палаце прадстаўнікоў.

Пасля азнаямлення з тэкстам гэтага законапраекта хацелася б выказаць некалькі меркаванняў адносна прапанаванай канцэпцыі  альтэрнатыўнай службы.

Адразу адзначу, што прапанаваны Закон не апраўдаў чаканняў праваабарончай супольнасці краіны і, паводле нашага меркавання, носіць дыскрымінацыйны характар у дачыненні да асобаў, якія адмаўляюцца ад праходжання вайсковай службы паводле матываў сумлення.

У сувязі з гэтым спынюся на асноўных праблемных, на мой погляд, момантах законапраекта.

Згодна артыкулам 3 дадзенага законапраекта, на альтэрнатыўную службу могуць накіроўвацца грамадзяне мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, якія падлягаюць прызыву на вайсковую службу, службу ў рэзерве, годныя па стане здароўя і фізічным развіцці да праходжання вайсковай службы, асабіста заявіўшыя аб тым, што прыняццё вайсковай прысягі, нашэнне зброі ці непасрэдны ўдзел у вытворчасці і абслугоўванні зброі, баявых прыпасаў і баявой тэхнікі супярэчыць іх рэлігійным перакананням у той меры, у якой робіцца немагчымым праходжанне вайсковай службы.

Такім чынам адзінай падставай для замены вайсковай службы на альтэрнатыўну, згодна з указаным вышэй артыкулам, з’яўляюцца рэлігійныя перакананні асобы. Трэба адзначыць, што прыняццё вайсковай прысягі, нашэнне зброі ці непасрэдны ўдзел у вытворчасці і абслугоўванні зброі можа супярэчыць не толькі рэлігійным пераканням асобы, але і іншым перакананням паводле матываў сумлення. Напрыклад, асоба можа адмаўляцца ад вайсковай службы ў звязку з палітычнымі і этычнымі матывамі, з’яўляючыся перакананым пацыфістам.

У  артыкуле 8 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах,  у якім утрымліваецца забарона выкарыстання прымусовай працы, прадугледжваецца, што паняццем прымусовай працы не ахопліваецца “якая б ні была служба ваеннага характару, а ў тых краінах, у якіх прызнаецца адмова ад вайсковай службы па палітычных і рэлігійна-этычных матывах, - якая б ні была служба, прадугледжаная законам для асобаў, якія адмаўляюцца ад вайсковай службы па такіх матывах”.  Такім чынам Пакт прадугледжвае магчымасць замены вайсковай службы па палітычных і рэлігійна-этычных матывах, што безумоўна шырэй за выключна рэлігійныя перакананні.

Прыняцце дадзенага законапраекту ў прапанаванай рэдацыі можа прывесці да таго, што асобам, якія будуць адмаўляцца ад вайсковай службы па матывах сумлення, але не звязаных з рэлігійнымі перакананнямі, будуць адмаўляць у замене вайсковай службы на альтэрнатыўную, а ў выпадку адмовы ад праходжання вайсковай службы яны рызыкуюць быць пакараныя крымінальнай адказнасцю за ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу. У такім выпадку мы можам сутыкнуцца з фактамі парушэння права гэтых асобаў на свабоду пераканняў і права бесперашкодна прытрымлівацца такіх пераканняў, што з’яўляецца прыкладам дыскрымінацыі па прыкметах перакананняў асобы.

Другім істотным недахопам з пукту гледжання адпаведнасці дадзенага законапраекту міжнародным нормам у галіне правоў чалавека з’яўляецца неапраўдана большы тэрмін праходжання альтэрнатыўнай службы ў параўнанні з вайсковай службай па прызыве.

Трэба адзначыць, што ў першапачаткова прапанаваным тэксце законапраекту тэрмін альтэрнатыўнай службы для асобаў, якія не маюць вышэйшай адукацыі, складаў 30 месяцаў, а для асобаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, - 20 месяцаў. Аднак, падчас слуханняў і галасавання па законапраекце дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вырашылі змяніць тэрміны альтэрнатыўнай службы на 36 і 24 месяцы адпаведна. Напэўна, дэпутаты прыйшлі да высновы, што павелічэнне тэрміну альтэрнатыўнай службы ўдвая ў параўнанні з тэрміновай вайсковай службай будзе надзейным сродкам праверкі шчырасці перакананняў асобы, якая хадайнічае аб замене вайсковай службы на альтэрнатыўную.

Трэба нагадаць, што ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе” вайсковая служба па прызыве ажыццяўляецца ў некалькіх формах і прадугледжвае наступныя тэрміны службы, устаноўленыя артыкулам 45 гэтага Закона:

для ваеннаслужачых, якія не маюць вышэйшай адукацыі, праходзячых тэрміновую вайсковую службу, - 18 месяцаў;

для ваеннаслужачых, якія маюць вышэйшую адукацыю, праходзячых тэрміновую вайсковую службу, – 12 месяцаў;

для ваеннаслужачых, якія прайшлі навучанне на вайсковых кафедрах ці факультэтах па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў, здаўшых устаноўленыя праграмамі падрыхтоўкі экзамены і праходзячых тэрміновую вайсковую службу – 6 месяцаў;

для ваеннаслужачых, якія праходзяць вайсковую службу афіцэраў па прызыве – 12 месяцаў.

Закон прадугледжвае яшчэ адзін від службы для асобаў, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую вайсковую службу, – служба ў рэзерве.

Гэты від службы заключаецца ў абавязковым выкананні  грамадзянамі, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую вайсковую службу, вайсковага абавязку шляхам праходжання службы ў вайсковых частках, іншых арганізацыях Узброеных сілаў ці транспартных войскаў Рэспублікі Беларусь на занятках і вучэбных зборах у мэтах атрымання вайскова-уліковай спецыяльнасці без спынення працоўнай дзейнасці. На такі від вайсковай службы прызываюцца грамадзяне ў выпадку адсутнасці патрэбы Узброеных сілаў, іншых воінскіх фармаванняў Рэспублікі Беларусь у ваеннаслужачых тэрміновай вайсковай службы ў парадку, устаноўленым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Тэрмін такога віда службы, згодна з артыкуламі 62, 63 Закона, складае ад 300 да 850 вучэбных гадзін (у залежнасці ад вайсковай спецыяльнасці) для перашага вучэбнага году і да 250 вучэбных гадзін у другі і трэці вучэбныя гады.  Для асобаў, якія не маюць вышэйшай адукацыі, тэрмін праходжання службы ў рэзерве складае тры вучэбныя гады, для асобаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, - два вучэбныя гады, а для асобаў, якія прайшлі навучанне на вайсковых кафедрах ВНУ, – адзін вучэбны год.  Папросту кажучы, служба ў рэзерве заключаецца ў праходжанні вайсковых збораў на працягу кароткага перыяду часу (каля месяца) на працягу кожнага вучэбнага году. Увесь астатні час рэзервіст знаходзіцца па месцы жыхарства, працуе на сваёй працы.

Калі параўноўваць тэрміны тэрміновай вайсковай службы з прапанаванымі тэрмінамі альтэрнатыўный службы, то ўбачым, што апошнія ўдвая перавышаюць тэрміны вайсковай службы. Пры гэтым удвая большы тэрмін альтэрнатыўнай вайсковай службы ніяк не абгрунтоўваецца дзяржавай у дадзеным законапраекце. Артыкул 26 Пакта не забараняе ўсе адрозненні ў абыходжанні. Разам з тым, як гэта неаднаразова заяўлялася Камітэтам па правах чалавека ААН, у аснове любога дыферэнцаванага падыходу павінны ляжаць абгрунтаваныя і аб’ектыўныя крытэры. У дадзеным выпадку выглядае, што адзіным крытэрам для большай працягласці альтэрнатыўнай службы ў параўнанні з іншымі відамі вайсковай службы з’яўляецца выключна неабходнасць праверкі шчырасці такіх пераканняў. Інакш як патлумачыць, чаму асоба, якая адмовілася ад праходжання вайсковай службы па матывах сумлення, будзе знаходзіцца ў значна больш невыгодных і горшых умовах, напрыклад, у параўнанні з асобамі, якія не маюць такіх перакананняў і залічаныя для праходжання службы ў рэзерве? У адрозненні ад іх, асобы, што будуць праходзіць альтэрнатыўную службу, будуць праходзіць яе па-за месцам жыхарства, не будуць атрымліваць свой звычайны заробак па месцы працы, а будуць атрымліваць утрыманне ў вызначаным пастановай Савета міністраў памеры.   

Па сэнсе артыкула 8 Пакта, дзяржавы-ўдзельніцы могуць патрабаваць праходжання службы вайсковага характару, а ў выпадку адмовы ад такой службы па меркаваннях сумлення – альтэрнатыўнай нацыянальнай службы, пры ўмове, што такая служба не носіць дыскрымінацыйнага характару.

Як мне падаецца, павелічэнне ўдвая тэрміну альтэрнатыўнай вайсковай службы ў параўнанні з тэрмінамі тэрміновай вайсковай службы, а таксама значнае перавышэнне ў параўнанні з тэрмінамі службы ў рэзерве з’яўляецца дыскрымінацыяй асобаў, якія будуць заяўляць аб замене вайсковай службы на альтэрнатыўную на падставе сваіх поглядаў і перакананняў. Гэта з’яўляецца парушэннем артыкула 26 Пакта. Трэба адзначыць, што да такой жа высновы прыйшоў Камітэт па правах чалавека ААН у справе “Фуэн супраць Францыі (№666/1995)”, прызнаўшы, што ўдвая большы тэрмін альтэрнатыўнай службы ў параўнанні з вайсковай службай з’яўляецца дыскрымінацыяй па прыкметах перакананняў і парушэннем дзяржавай-удзельніцай артыкула 26 Пакта.

Тэрмін праходжання альтэрнатыўнай службы не павінен насіць карны характар і тым больш не павінен прыводзіць да змушанай, фактычна гвалтоўнай, адмовы асобы ад сваіх перакананняў.

Валянцін Стэфановіч

Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску. У дзяцінстве марыў стаць лесніком, мараком і машыністам дызэль-электра-цягніка. У жыцці паспрабаваў розныя заняткі: быў маляром, салдатам, студэнтам і юрыстам МПЗ. Цяпер актыўна назіраю за жыццём.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства