viasna on patreon

Блог Насты Лойкі: Салідарнасьці пост

2016 2016-02-02T15:52:08+0300 2016-02-05T11:24:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shabnam-be.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пакуль усе абмяркоўваюць тэму міліцэйскага беззаконьня, мяккія прысуды “графіцістам” ды вядуць спрэчкі пра “трушны анархізм”, у мяне кліч аб салідарнасьці.

Як паказвае досьвед “лібэралізацыі” 2008-2010 гадоў, зьбіцьцё актывістаў, выключэньне з унівэрсытэтаў на фоне трошкі мякчэйшых рэпрэсій (штрафы за акцыі замест сутак) могуць быць ужо ўстойлівымі прыкметамі, якія носяць відавочна часовы характар.

Але пры гэтым і тады й зараз былі людзі, каго прызнавалі палітвязьнямі, але на якіх улады “забыліся”. Сёньня я хачу распавесьці пра двух людзей, якім вельмі патрэбная падтрымка й салідарнасьць.

Гісторыя першая. Таямнічасьць і закрыты характар справы Міхаіла Жамчужнага не давала працяглы час нам здабыць неабходную інфармацыю і даць адзнаку матывам яго крымінальнага перасьледу. Толькі пасьля касацыйнага разгляду праўда ўсплыла і была несуцяшальная: Віцебскі рэгіён ужо праславіўся сваім сьледчым экспэрымэнтам па справе Андрэя Гайдукова, але ім было мала, вырашылі паспрабаваць і з кандыдатам тэхнічных навук Міхаілам Жамчужным, што пасьля крымінальнага перасьледу й звальненьня з унівэрсітэту стаў дапамагаць “Платформе”, шукаць інфармацыю пра катаваньні й вывучаць сытуацыю ў рэгіёне. І тут на яго сам выйшаў міліцыянт, што прапанаваў “зьліваць” інфармацыю, але па выніку паўтары гады яго “распрацоўвалі” і потым пасадзілі за гэта ж на 6,5 гадоў з забаронай займацца арганізацыйнай працай яшчэ 2 гады і 8 месяцаў. Пад вартай Міхаіл з 19 жніўня 2014 году, зараз адбывае пакараньне ў Навасадах. У Міхаіла няма блізкіх сваякоў, таму “Вясна” ім апякуецца.

Другая гісторыя больш складаная. Дзяўчына з Таджыкістана Шабнам Худайдодава апошнія гады жыла ў Пецярбургу ды вельмі перажывала за сытуацыю на Радзіме, таму часта пісала пасты ў фэйсбуку пра сумна вядомыя падзеі там. У выніку – сачэньне, спроба зьбегчы ў Польшчу, але польская традыцыя не прымаць бежанцаў зь цягніка Берасьце-Тэрэспаль – і вось Шабнам з 15 чэрвеня 2015 года ў берасьцейскім СІЗА чакае экстрадыцыі на суровую радзіму, дзе мала шанцаў выжыць у турме… Шабнам падавала на статус бежанца ў Беларусі, але рашэньне адтэрміноўваецца, хаця яе ўжо гатовыя прыняць Злучаныя Штаты. Тым ня менш, дзяўчына ў поўным адчаі столькі часу пад вартай - за пасты ў фэйсбуку.

Вельмі прашу падтрымаць Шабнам і Міхаіла лістамі й паштоўкамі!

Наста Лойка

Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” з 2010 года, удзельніца Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху. Магістр Еўрапейскага і міжнароднага права. Профільныя тэмы: палітвязьні, адвольныя затрыманьні, мірныя сходы, грамадзкі кантроль, асьвета й адукацыя ў галіне правоў чалавека. Шмат што з праваабарончай дзейнасьці застаецца “за кадрам”: не пра ўсё пішуць у навінах, не пра ўсё могуць спытаць журналісты. Мой блёг ськіраваны на асьвятленьне асобных тэмаў у галіне правоў чалавека, у чым я зыходжу з уласнага досьведу й меркаваньня.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства