viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XVI. “ДЗЕКАБРЫСТЫ”

2020 2020-04-28T11:59:07+0300 2020-04-28T12:00:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aleg_gnedchyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З “дзекабрыстаў” у нашай хаце некалькі тыдняў сядзеў Алег Гнедчык. Валодзя ад яго быў у захапленьні, кажа:

“Два словы зь яго ня выцягнеш, толькі спаў ды еў, болей нічога не рабіў”.

Паўлавіч таксама зьдзіўлена пахістваў галавой:

“Во у каго жалезная псіхіка была, дык гэта ў Гнедчыка. Нішто яго не цікавіла і не хвалявала, толькі жрачка”.

aleg_gnedchyk.jpg
Алег Гнедчык. Фота Радыё Свабода

Алега, маладога і таўставатага, я памятаў па волі. Прыходзіў некалі да нас з сваім сябрам Васілём Парфянковым з штрафамі. Абодва не выглядалі на інтэлектуалаў. Урэшце, а чаму б і не. Розныя людзі прыходзяць у беларускі дэмакратычны рух. Вася той увогуле быў з Маладым Фронтам з раньняга юнацтва.

Яшчэ аднаго разу бачыў я яго ў судзе над ім, Андрэем Саньнікавым, Фёдарам Мірзаянавым, Ільлём Васілевічам і Уладзімірам Яроменкам у красавіку-траўні 2011 года. Судзілі іх чамусьці адной камандаю, хаця падчас выбараў яны працавалі ў розных. Мяне папрасілі выступіць сьведкам па справе Андрэя Саньнікава. Я пагадзіўся. Што я мог сказаць новага, што магло б паўплываць на рашэньне суда… Адзінае, скарыстацца магчымасьцю і маральна падтрымаць зьняволеных.

Калі зайшоў у судовую залу, Андрэй Саньнікаў і маладыя хлопцы, зь якіх сваім інтэлігентным выглядам і юнацкасьцю вылучаўся Фёдар Мірзаянаў, сяделі ў клетцы, за жалезнымі прутамі. Мы абмяняліся поглядам з Андрэем, я спачувальна кіўнуў яму: трымайся! Затым пасьля прадстаўленьня і запісу асабістых дадзеных я пачаў гаварыць. Гляджу стэнаграму свайго выступу:

Наступны сведка - праваабаронца Алесь Бяляцкі. Бяляцкі дае паказанні па-беларуску. Бяляцкі распавёў суду, што ведае Саннікава, але блізкіх адносін з ім не меў. Кажа, што як праваабаронца сачыў за падзеямі 19 снежня, праводзіў маніторынг, прысутнічаў на акцыі ад першай да апошняй хвіліны.  Сведка паведаміў, што акцыя 19 снежня была мірная, праводзілася з мэтай пратэсту супраць парушэнняў выбарчага заканадаўства.

“Тое, што я ўбачыў 19 снежня, у тым ліку этап падрыхтоўкі, нічым не адрознівалася ад папярэдніх акцый, якія я бачыў”, - кажа Бяляцкі.
Падпалаў, пагромаў не было, яны і не рыхтаваліся. Ніякіх падставаў або фактаў, каб можна было меркаваць, што гэтая акцыя не будзе мірнай, не было, - сказаў Бяляцкі.
Металічных дубцоў, драўляных дубінак, бутэлек з запальнай сумессю - нічога такога не было. Не было і п'яных. Атмасфера не была нервовай, гэта быў мірны сход, - сказаў праваабаронца.

Умоваў для акцыі на Кастрычніцкай плошчы не было, бо там гучала музыка так, што не было нічога чуваць, і гэта было зроблена адмыслова. Сітуацыя для правядзення мітынгу была безнадзейная, людзі прыйшлі паслухаць кандыдатаў, але пачуць там што-небудзь было немагчыма. Акрамя таго, там быў вялікі каток, людзям не хапала месца. Ніякіх заклікаў з боку праваахоўных органаў аб тым, што акцыя несанкцыянаваная, і патрабаванняў разысціся - не было.

Бяляцкі кажа, што за выключэннем правілаў дарожнага руху дэманстранты не рабілі ніякіх правапарушэнняў. Працы вялікіх гандлёвых устаноў яны не перашкаджалі - ГУМ і універсам "Цэнтральны" працавалі.

На плошчы Незалежнасці настрой людзей быў таксама спакойны, ніякіх прадметаў яны не мелі, праяваў агрэсіі не было, - сцвярджае сведка.

Ад выступоўцаў на мітынгу заклікаў да гвалту, пагромаў, захопу будынка не было. У тым ліку і ад Саннікава. Дэманстранты выказваліся аб гатоўнасці да перамоваў з уладамі. Выступы кандыдатаў у прэзідэнты насілі мірны характар, да арганізацыі масавых беспарадкаў яны дачынення не мелі. Акцыя была слаба арганізаваная. Тым больш там не было нейкіх экстрэмісцкіх груп, якія рыхтаваліся б да барацьбы з міліцыяй. Кіраўніцтва міліцыі не ішло на кантакт з дэманстрантамі.

У стэнаграме гэта не запісана, але я памятаю, што скончыў свой выступ тым, што назваў гэты суд страшна несправядлівым і сказаў, што судзяць тут не злачынцаў, а герояў. Быў сярод гэтых герояў і Алежка Гнедчык.

Суд над Васілём Парфянковым, сябруком Алега Гнедчыка, праходзіў у лютым 2011-га. Гэта быў самы першы суд над “дзекабрыстамі”. Я таксама быў на ім. Суд мне моцна не спадабаўся. Як аказалася, на сьледзтве Васіль, які ў час выбараў быў у камандзе Някляева, нагаварыў з тры кашы. Распавёў усё, што ведаў: і пра структуру каманды свайго кандыдата, і пра фінансаваньне - колькі грошай і ад каго атрымліваў, і пра тое, што былі затрымкі з выплатай абяцаных ім заробкаў, і як яны хадзілі з Гнедчыкам, кардынатарам кампаніі “Гавары праўду” па Фунзенскім раёне, “выбіваць” грошы ў свайго начальніка. Ніякага дачыненьня гэтая інфармацыя да прад’яўленых яму абвінавачваньняў ня мела. Вядома, яна моцна цікавіла КДБ, якім важна было ведаць усё, што датычылася выбарчай каманды Ўладзіміра Някляева. Хто ж цягнуў яго за язык! На судзе ён быў падобны на жаўнера, які патрапіў у палон і ўсё распавёў ворагу. Пасьля такога шчырага прызнаньня на сьледзстве ягоная справа хутка пайшла ў суд. Яна была выгодная для беларускіх уладаў, бо паказвала дэмакратычную апазіцыю ў непрыгожым сьвятле. Падчас суда Васіль прызнаў сваю віну.

vasil_parfiankou.jpg
Васіль Парфянкоў. Фота Радыё Свабода

Саўбелка ў вялікім матэрыяле “За кулісамі адной змовы”, сьпечаным “па ўказаньні главы дзяржавы” 14 студзеня 2011 года, паказвала і аднаго, і другога як сапраўдных баевікоў:

“Непасрэдна ўдзельнічаў у пагромах, зьдзяйсьняў штурм адміністратыўнага будынку – Дома Ўраду, разьбіваў шыбы, дзьверы, наносіў удары супрацоўнікам праваахоўных органаў, заклікаў натоўп да актыўных дзеяньняў”.

Адзінае адрозьненьне было ў тым, што Васіль Парфянкоў “наносіў ўдары” міліцыянтам “з выкарыстаньнем бытавых прадметаў”.

Якога яшчэ прысуду можна было чакаць пасьля гэтага істэрычнага артыкулу. У апошнім слове Васіль Парфянкоў прасіў суд “не караць яго сурова”, але судзьдзя выпісала яму чацьвёрачку. Стала зразумела, што дзесьці ў гэтых межах будуць асуджаныя і іншыя “дзекабрысты”.

Яшчэ адное ўразіла мяне на гэтым судзе: судзьдзя Вольга Камар калісьці заканчывала беларускі ліцэй імя Якуба Коласа. Той самы легендарны ліцэй, у якім вучыліся багата хто з беларускаарыентаванай моладзі, у тым ліку Франак Вячорка, Глеб Лабадзенка, Андрэй Кім. У ім некалі выкладала мая жонка. Сумныя парадоксы нашага сучаснага жыцьця - выпускніца ліцэю Вольга Камар судзіла Васіля Парфянкова, а іншы выпускнік ліцэю, Алесь Міхалевіч, па гэтай жа справе ў гэты самы час праціраў нары ў “амерыканцы”.

11 жніўня 2011-га Парфянкова памілавалі, а ў траўні 2012 году ізноў асудзілі. Мой судзьдзя Сяргей Бандарэнка выпісаў яму поўгады арышту за парушэньне прэвентыўнага нагляду, і ў жніўні 2012-га паехаў Васіль у арыштны дом у Баранавічы.

Ягоны ж сябручок, аматар паесьці і паспаць, Алег Гнедчык, які таксама на судзе прызнаў сваю віну, быў асуджаны і атрымаў сваю троечку. Алег напісаў памілаванку і першага верасьня 2011 году, як раз тады, калі я сядзеў на Валадарцы ў ягонай былой хаце зь ягонымі былымі знаёмымі, выскачыў на волю. Ягоны турэмны шлях скончыўся, а мой толькі пачынаўся.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XV. “ГУМОВЫ ТАПАК”

Звычайна мы называем адзін аднаго на “ты”, як патлумачыў мне генерал нават з нейкім унутраным задавальненьнем: “У турме ўсе роўныя”.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства