viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: "Мы верым, што наша праца была не марнай"

2021 2021-04-29T17:06:27+0300 2021-04-29T17:06:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ales_bialiacki_svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: Bymedia.net

Алесь Бяляцкі. Фота: Bymedia.net

У красавіку гэтага года Праваабарончы цэнтр "Вясна" адзначае юбілей. 25 гадоў таму пасля разгону ўладамі "Чарнобыльскага шляху", мірнай дэманстрацыі, група валанцёраў пачала тэрмінова аказваць дапамогу рэпрэсаваным, збіраць і распаўсюджваць інфармацыю пра збіццё і катаванні. Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі тады толькі набіраў сілу. Мы і думаць не маглі, што наша праца расцягнецца на чвэрць стагоддзя, што ў 2020 і наступным 2021 годзе мы будзем мець справу з такімі ж парушэннямі правоў чалавека, але павялічанымі да жахлівых памераў.

Прэмія, якую нам далі вясной 2020 года, калі яшчэ нічога ў Беларусі не прадвяшчала аб будучым грамадска-палітычным крызісе, у нейкай ступені падводзіла вынікі нашай папярэдняй няпростай працы: барацьбу за сумленныя выбары, за права на мірныя сходы і распаўсюд інфармацыі, за кампанію супраць смяротнага пакарання, за сотні адукацыйных і асветніцкіх праваабарончых мерапрыемстваў, праведзеных намі, за тое, што мы ўпарта пашыралі межы нашых зрэзаных свабод. Але хто ж мог падумаць, што гэтая прэмія стане сімвалічным авансам у заклад той працы, якая нас чакае ў наступныя месяцы.

Ці былі мы маральна гатовыя да таго, што адбылося падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў? І так, і не. Мы ўжо перажывалі грамадска-палітычныя крызісы 2006-га і 2010-га гадоў, калі сотні людзей звярталіся да нас па прававую дапамогу. Мы ўжо сутыкаліся з катаваннямі сілавікамі мірных дэманстрантаў, з палітычнымі крымінальнымі працэсамі. Мы таксама разумелі, што падчас крызісу становіцца небяспечнай і наша праца. У 2003 годзе ўлады несправядліва ліквідавалі рэгістрацыю Праваабарончага цэнтра "Вясна", у 2011 годзе незаконна быў арыштаваны і асуджаны я. Дзясяткі маіх калегаў за гэтыя гады падвяргаліся рознага роду рэпрэсіям.

Мы пастаянна папярэджвалі міжнародную супольнасць аб тым, што ў Беларусі не адбываецца ніякіх сур'ёзных рэформаў і што аўтарытарная ўлада ў выпадку пагрозы для сябе, заўсёды будзе гатовая ўжыць усе наяўныя ў яе рэпрэсіўныя механізмы.

Але і мы не чакалі таго маштабу рэпрэсій, якія абрынуліся на беларускае грамадства ў жніўні 2020-га года і якія працягваюцца да сённяшняга дня. Забойства, сотні параненых, тысячы людзей, якія прайшлі праз катаванні і здзекі. Лукашэнка і яго атачэнне праігнаравалі справядлівыя патрабаванні мільёнаў беларусаў аб правядзенні сумленных выбараў, аб пакаранні вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці і аб вызваленні палітычных зняволеных.

У краіне – прававы дэфолт і фактычна неаб'яўленае ваеннае становішча. У Следчы камітэт па фактах катаванняў і нечалавечага абыходжання звярнулася некалькі сотняў беларускіх грамадзян. У выніку не было распачата ніводнай крымінальнай справы па расследаванні, і наадварот, распачатыя крымінальныя справы супраць заяўнікаў. Улады пакрываюць злачынствы сілавікоў, а таксама праўладных актывістаў з найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі, замяшаных у злачынствах.

Забароненая любая грамадзянская актыўнасць, сотні палітвязняў пакутуюць у турмах, практычна кожны дзень узбуджаюцца новыя крымінальныя справы. Пад удар трапляюць актывісты выбарчых штабоў, палітыкі, блогеры, выкладчыкі і лекары, непаўнагадовыя і шматдзетныя маці, прадстаўнікі нацыянальных меншынстваў і святары, журналісты, адвакаты і праваабаронцы. Дзясяткі тысяч беларускіх грамадзян вымушаныя былі эміграваць, баючыся за сваю свабоду і здароўе. Жахлівы ціск на беларускае грамадства працягваецца. Нядаўна міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што ўлады маюць намер цалкам знішчыць грамадзянскую супольнасць у Беларусі.

Толькі ў сакавіку 2021 года па палітычных матывах былі затрыманыя 1139 чалавек, 105 чалавек былі асуджаныя за сакавік па палітычна матываваных крымінальных справах, з іх 79 чалавек заключаныя ў турму. Год таму ў Беларусі было трое палітычных зняволеных. Сёння іх больш за 350 і гэта колькасць пастаянна расце.

Сваё 25-годдзе Праваабарончы цэнтр "Вясна" сустракае пад ударам уладаў. Чацвёра маіх калег з "Вясны" ужо некалькі месяцаў сядзяць у турме. У лютым была ўзбуджаная крымінальная справа супраць членаў "Вясны", прайшлі дзясяткі ператрусаў, многія мае калегі і я ў тым ліку выклікаліся на допыты. Існуе пагроза, што многія з нас у бліжэйшы час апынуцца ў турме. Абвінавачванні ўладаў супраць праваабаронцаў абсурдныя. Нас пераследуюць за нашу праваабарончую дзейнасць, за тое, што мы дапамагаем рэпрэсаваным, збіраем факты аб катаваннях, апублічваем інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека ў краіне.

У Беларусі цяпер адбываецца цывілізацыйная гуманітарная катастрофа. На вачах у дэмакратычнага Захаду планамерна знішчаецца грамадзянская супольнасць. Засталося яшчэ трохі, і Беларусь ператворыцца ў аналаг Паўночнай Карэі ў Еўропе і стане крыніцай пастаяннай нестабільнасці і пагрозы міру ў рэгіёне.

Мы заклікаем дэмакратычныя краіны аказаць разнастайную дапамогу беларускаму народу, аказаць максімальны ціск на беларускі рэжым з патрабаваннем спыніць палітычныя рэпрэсіі і пачаць перамовы з грамадзянскай супольнасцю. Беларускі звон цяпер пастаянна стукае ў сэрцы Еўропы.

Нягледзячы на рэпрэсіі і тэрор уладаў, мы ў захапленні і натхнёныя імкненнем беларускіх грамадзянў да свабоды і дэмакратыі, мы шчыра падтрымліваем мірны характар народных пратэстаў і выступаў. Мы верым, што наша праца была не марнай. Праваабарончы цэнтр "Вясна" ўпарта працягвае ўносіць свой сціплы ўклад у дэмакратычную будучыню нашага народа.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства