Праваабаронца "Вясны" звярнуўся ў Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС праз затрыманне ў Ганцавічах
Праваабаронца “Вясны” Аляксей Лойка тэрмінова звярнуўся ў Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў наконт перавышэння супрацоўнікамі Ганцэвічскага РАУС сваіх службовых паўнамоцтваў.
Учора, 20 чэрвеня, у 20.40 каля адзялення паштовай сувязі ў Ганцэвічах на вул. Кастрычніцкай, 6 была затрымана мясцовая жыхарка Алла Калесніковіч. Жанчына мае непаўнагадовае дзіця 2004 года нараджэння.
Згодна з п. 1 ч. 2 арт. 8.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях на тэрмін ад 3 да 72 гадзін можа быць затрымана асоба, калі яна затрымана па падазрэнню ў здзяйсненні правапарушэнні, за якое прадугледжаны арышт. Але згодна з ч. 2 арт. 6.7 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях арышт не можа прымяняцца да жанчын, якія маюць на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця. Дадзеная гарантыя вынікае з ч. 1 арт. 32 Канстытуцыі, згодна з якой інстытут сям’і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы.
Праваабаронца патрабуе неадкладна вызваліць жанчыну і прыняць меры рэагавання да супрацоўнікаў, якія выйшлі за межы сваіх паўнамоцтваў.
Нагадаем, што 20 чэрвеня ў Ганцавічах каля двух дзясяткаў чалавек выйшлі на ланцуг салідарнасці. Па звестках журналіста "Ганцавіцкага часу", які веў стрым, затрымана не менш за 10 чалавек з выкарыстаннем грубай фізічнай сілы. Кіраваў апэрацыяй падпалкоўнік міліцыі Віталь Куляшоў. Затрыманы і збіты былі таксама журналісты "Ганцавіцкага часу".
Затрыманні ў Беларусі працягваюцца і 20 чэрвеня
20 чэрвеня людзі стыхійна выходзяць на вуліцы горада. Ёсць затрыманні. Інфармацыя абнаўляецца.