viasna on patreon

Цэнтрвыбаркам не прыслухаўся да прапаноў праваабаронцаў па правядзенні выбараў ва ўмовах пандэміі

2020 2020-05-07T17:42:18+0300 2020-05-07T21:58:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vybary_56_2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цэнтральная выбарчая камісія не будзе ўкараняць прапановы праваабаронцаў па правядзенні выбараў ва ўмовах пандэміі, бо “часу для прыняцця гэтых мер не маецца”. Выбарчая кампанія пачынаецца ў бягучым месяцы, а дакладная дата прэзідэнцкіх выбараў будзе названая ўжо ў пятніцу 7 траўня.

Нагадаем, што ўдзельнікі незалежнай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" накіравалі ў Цэнтрвыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусі шэраг важных прапаноў па правядзенні прэзідэнцкіх выбараў ва ўмовах эпідэміі COVID-19.

Яны прапанавалі распрацаваць і прыняць комплекс заканадаўчых і арганізацыйных мер, якія забяспечаць бяспечнае ажыццяўленне ўсіх без выключэння выбарчых правоў грамадзян без іх непрапарцыйнага абмежавання ва ўмовах пандэміі і кампенсуюць суразмерныя абмежаванні прадастаўленнем новых магчымасцяў, адначасова выказваючы гатоўнасць прыняць удзел у выпрацоўцы такіх мер.

Выбары ва ўмовах пандэміі: Важныя прапановы праваабаронцаў

Удзельнікі незалежнай кампаніі па назіранні за выбарамі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" накіравалі 29 красавіка ў Цэнтрвыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусі шэраг важных прапаноў па правядзенні прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня гэтага года.

У прыватнасці, адной з прапаноў было распрацаванне дыстанцыйных працэдур па зборы подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты. У адказе ЦВК за подпісад яго старшыні Лідзіі Ярмошынай паведамляецца, што часу для ўнясення зменаў у заканадаўства ўжо няма. Яна спасылаецца на рэкамендацыі міжнародных экспертаў, згодна з якімі змены ў выбарчае заканадаўства не мусяць прымацца меней, чым за год да правядзення выбараў. Таксама Ярмошына адзначыла, што “выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій і іншых дыстанцыйных спосабаў для ажыццяўлення выбарчых працэдур патрабуе не толькі прававых, але і інфраструктурных перадумоў, а таксама папярэдняй ацэнкі іх кошту, эфектыўнасці, даверу і бяспекі”.

Праваабаронцы прапаноўвалі дзеля бяспекі грамадзян дасць магчымасць накіроўваць у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі звароты ў электроннай форме. На гэта ЦВК адказала, што “заканадаўствам не прадугледжаны абавязак камісій мець электронную пошту”.

Таксама Цэнтрвыбаркам паведаміў, што пытанні прыняцця мер для прафілактыкі распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, у тым ліку арганізацыі пасяджэнняў і назірання за імі з дапамогай відэаканферэнцый, будуць вырашацца з улікам эпідэміялагічных умоў, якія складваюцца ў перыяд выбарчай кампаніі.

Яшчэ адзін адказ праваабаронцы атрымалі ад Вярхоўнага суда. Яму яны прапанавалі забяспечыць магчымасць разгляду выбарчых спрэчак з дапамогай укаранення элементаў электроннага судаводства. На што быў атрыманы вельмі кароткі адказ:

“Што тычыцца забеспячэння бяспекі разгляду выбарчых спрэчак, то дадзенае пытанне падлягае вырашэнню ў дачыненні да канкрэтнай выбарчай кампаніі”.

Па меркаванні каардынатара кампанніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча, атрыманыя адказы сведчаць толькі пра тое, што беларускія ўлады выбралі такую тактыку правядзення выбарчай кампаніі, якая цалкам ігнаруе прынцыпы элементарнай бяспекі.

“Інтарэсы ўсіх удзельнікаў электаральнай кампанні – а гэта мільёны грамадзян Беларусі – не бяруцца ва ўлік. Яны думаюць пра тое, як найхутчэй легітымізаваць свае паўнамоцтвы праз гэтую выбарчую кампанію. Фактычна чыноўнікі занятыя сваёй асабістай бяспекай. А тое, што прапаноўвалі мы, магло б мінімізаваць наступствы гэтай пандэміі.

Беларусь шакавала і працягвае шакаваць увесь свет сваімі намерамі правесці парад перамогі ў разгар пандэміі. І выбарчую кампанію таксама. У той час, як многія краіны выбралі іншы шлях. Напрыклад, Польшча, Францыя і Арменія перанеслі выбары”.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства