viasna on patreon

Шкода, якую прычыніў РУУС, павіннна быць кампенсаваная: актывіст Мікалай Дзядок напісаў заяву

2020 2020-04-18T16:14:24+0300 2020-04-18T17:17:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dziadok_kalia_suda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіст анархічнага руху і блогер Мікалай Дзядок напісаў заяву на кампенсацыі шкоды, прычыненай дзеяннямі Маскоўскага РУУС г. Мінска.

dziadok_kalia_suda.jpg
Мікалай Дзядок

Нагадаем, што ўвечары 19 сакавіка актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка затрымалі ў Мінску двое супрацоўнікаў у цывільным і паведамілі, што на яго складзены пратакол паводле арт.17. 1 КаАП — "Дробнае хуліганства" за нанясенне надпісу на сцяне інтэрната №1 "МАПІД". Ноч ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама ў чаканні судовага пасяджэння.

20 сакавіка 2020 г. у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска адбыўся разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні Мікалая Дзядка. Актывіст змог даказаць, што не наносіў надпісы на сцяну інтэрната (бо ў гэты час быў за мяжой). У выніку суддзя Таццяна Мотыль адправіла справу на дапрацоўку. А сам актывіст напісаў заяву аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці сведкі Юліі Бушляковай за тое, што тая давала ілжывыя паказанні супраць яго на судзе.

31 сакавіка 2020 г. Маскоўскае РУУС г. Мінска вынесла пастанову аб спыненні вядзення адміністрацыйнага працэсу ў дачыненні да Дзядка на падставе п. 2 ч. 1 арт. 9. 6 ПВКаАП за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Таму 17 красавіка Мікалай Дзядок напісаў заяву на імя начальніка Маскоўскага РУУС г. Мінска Гамолы М. А., у якой просіць правесці праверку і вынесці пастанову аб прызнанні за ім права на пакрыццё шкоды, прычыненай дзеяннямі Маскоўскага РУУС г.

"Падчас вядзення адміністрацыйнага працэсу органам, які вядзе адміністрацыйны працэс, былі парушаныя мае асабістыя немаёмасныя правы: права на свабоду перамяшчэння; права на асабістую свабоду і недатыкальнасць; права на павагу асабістай годнасці —  адзначае Мікалай Дзядок у сваёй заяве. —Хоць відавочным з'яўляецца той факт, што я не здзяйсняў адміністрацыйнага правапарушэння, якое ставілася мне ў віну".

Актывіст таксама ў заяве падкрэслівае, што адміністрацыйны працэс быў спынены ў дачыненні да яго па рэабілітуючых падставах, што дае яму права на пакрыццё шкоды, прычыненай дзеяннямі органа, які вядзе адміністрацыйны працэс.

З тонкасцямі тэмы аб кампенсацыі шкоды па рэабілітуючых падставах дапамагае разбірацца юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка:

"Артыкул 9.6. ПВКаАП змяшчае тры рэабілітуючых падставы, пры спыненні адміністрацыйнага працэсу па адной з якіх чалавеку прадастаўляецца права на пакрыццё шкоды.

Цікава, што да 2013 г. чалавек, у дачыненні да якога адміністрацыйны працэс спыняўся па рэабілітуючых падставах, мог звярнуцца ў суд па кампенсацыю, і практыка па такіх справах складалася на карысць чалавека.

Але ў 2013 г. у ПВКаАП была ўнесеная глава 13-1, якая ўрэгулявала парадак кампенсацыі шкоды, прычыненай фізічнай або юрыдычнай асобе незаконнымі дзеяннямі суда, органа, які вядзе адміністрацыйны працэс. І на гэтым практыка пайшла па іншым шляху для тых, у дачыненні да каго адміністрацыйны працэс быў спынены за недаказанасцю віны, за адсутнасцю ў дзеянні складу правапарушэння альбо за адсутнасцю падзеі адміністрацыйнага правапарушэння. І з гэтага моманту можна назіраць негатыўную тэндэнцыю, калі суды ўзбуджаюць грамадзянскую справу аб спагнанні кампенсацыі, але пры гэтым адмаўляюць у яе прадастаўленні, спасылаючыся на тое, што дзеянні органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, не былі прызнаныя ва ўстаноўленым парадку незаконнымі. Аднак чамусьці яшчэ ні адзін суддзя не раскрыў заслону таямніцы таго, а дзе гэты парадак прадугледжаны? Дзе ўтрымліваецца выразны алгарытм дзеянняў для чалавека, якога раптам затрымалі, чым істотным чынам нанеслі ўрон яго асабістым немаёмасным правам?

Па тых справах, з якімі працуем мы, пакуль відавочнай становіцца тэндэнцыя, калі адмова суда ў прадастаўленні кампенсацыі прадыктавана меркаваннямі «недатыкальнасці» бюджэту, і гэтая эканамічны складнік пераважае ў рашэннях над прававой, што само па сабе абсурдна і абуральна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства