Судовы канвеер працягваецца ў Мінску. Працэсы масава пераносяць на наступны год Фота Дапоўнена

2019 2019-12-31T12:25:00+0300 2019-12-31T12:43:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sudi_ill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З раніцы 30 снежня ў судах Мінска пачаліся працэсы над удзельнікамі мірных акцый пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй, якія адбыліся 7 і 8 снежня.

Каго з актывістаў чакаюць суды 30 снежня? Расклад паседжанняў

У судах Мінска на 30 снежня прызначаны шэраг працэсаў над актывістамі і актывісткамі, што прынялі ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць “паглыбленнай інтэграцыі” з Расіяй.

Суд Цэнтральнага раёна 

У 9.15 у судзе Цэнтральнага раёна пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы па ч. 3 арт. 23.34 у адносінах да Максіма Урбановіча, які зараз адбывае 15 сутак арышту. Суддзя Валеры Есьман зрабіў перапынак у працэсе да 15 гадзінаў, бо чакаюць нейкі факс. 

Наступны суд над Максімам Урбановічам павінен быў адбыцца за яго ўдзел у акцыі 8 снежня ў 9.45, аднак суддзя Таццяна Акавітая таксама аб'явіла перапынак да 12 гадзінаў 20 хвілінаў 31 снежня. 

Дапоўнена: 31 снежня Акавітая абвесціла, што суд над Урбановічам перанесены на 9 студзеня ў 9.30

У 9.15 гадзін раніцы павінны былі адбыцца разгляды спраў у дачыненні да Андрэя Шарэнды і Ю. Татур

У 10.15 пачаўся суд над беларускім мовазнаўцам Пятром Садоўскім

sadouski_petr.jpg
Пётр Садоўскі ў судзе

Яго вінавацяць па частцы 1 арт. 23.34 КаАП, справу разглядае суддзя Іван Касцян.

sadouski_petr_sud2.jpg
Суддзя Іван Касцян разглядае справу супраць Пятра Садоўскага

Падтрымаць Пятра Садоўскага прыйшло шмат людзей. 

sadouski_petr_sud.jpg

Супраць Пятра Садоўскага сведчаць міліцыянеры Андрэй Штоп і Раман Герасімовіч. Суддзя Іван Касцян абвясціў перапынак да 16 гадзінаў.

Тым часам у 10.15 суддзя Юлія Густыр пачала разгляд справы супраць Алены Янушкоўскай. Жанчыну абвінавачваюць у тым, што яна падчас акцыі пратэсту 7 снежня трымала мікрафон і прамаўляла ў яго. Сама яна ў суд не з'явілася. Сведкай выступіў супрацоўнік міліцыі Міцін. У паседжанні таксама аб'яўлены перапынак для вынясення рашэння да 15.20. У адносінах да Алены Янушкоўскай сёння прызначаны яшчэ адзін судовы працэс - у 12.50 судзіць будзе Іван Касцян. 

Паралельна адбыўся працэс і над Андрэем Хранковым. Яго справу па ч. 3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі 7 снежня разглядаў Валеры Есьман.

А ўжо ў 10.45 суддзя Таццяна Акавітая пачала разгляд справы супраць Андрэя Хранкова за яго ўдзел у акцыі 8 снежня. Сведкамі выступаюць супрацоўнікі АМАП Місючэнка і Кірыл Казадой, якія да гэтага сведчыў па справе Максіма Урбановіча. Цягам году актывіст неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Рашэнне па яго справе будзе аб'яўлена заўтра - 31 снежня ў 12.40. 

Дапоўнена: 31 снежна стала вядома, што суд над Хранковым "раптоўна" яшчэ раз перанесены: на 9 студзеня ў 9.15

Раней за прызначаны час пачаўся разгляд справы супраць Аляксея Сюдака. Мужчыну вінавацяць па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі 7 снежня. Судзіць Юлія Густыр. Сведкам выступіў супрацоўнік міліцыі Аляксандр Ганчаронак, другі сведка-міліцыянт Міцін на паседжанне не з'явіўся. У судзе перапынак да 15.40. 

Наступны працэс у суддзі Юліі Густыр - справа супраць Пятра Садоўскага. Гэтым разам мужчыну абвінавачваюць у парушэнні правілаў удзелу ў масавым мерапрыемстве, што адбылося 7 снежня. Сведкі-міліцыянты на працэс не з'явіліся, прычынаў не патлумачылі. Пётр Садоўскі прапанаваў суду перадаць свае паказанні ў пісьмовым выглядзе, бо мяркуе, што сакратар суда будзе весці запісы недакладна. Таксама мужчына прапанаваў весці працэс на беларускай мове, суддзя пагадзілася.

Пётр Садоўскі просіць суд таксама адправіць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў РУУС, бо ў ім ёсць прыкметы ілжэсведчання міліцыянераў. Мужчына кажа, што 7 снежня ў 12 гадзінаў не быў на плошчы, а знаходзіўся дома з тэмпературай. На плошчу прыехаў толькі каля 15 гадзінаў, пабыў там 30-40 хвілін і вярнуўся дадому. А ў пратаколе, які зачытваецца, напісана, што быў у 12 гадзін на плошчы, трымаў бела-чырвона-белы сцяг. Дэманструецца фота з відэакамеры, дзе нібыта зафіксаваны Пётр Садоўскі. Аднак мужчына сцвярджае, што на здымку - не ён, і нават курткі такой у яго няма. Прысутныя ў залі суда смяюцца.

Суддзя абвясціла перапынак, разгляд працягнецца 9 студзеня ў 12 гадзінаў

Другі судовы працэс Алены Янушкоўскай па невядомых прычынах быў перанесены з 12.50 ад суддзі Івана Касцяна на 10.55 да суддзі Валерыя Есьмана. Рашэнне суда ўдакладняецца. 

Стала вядома, што працэсы над Мікалаем Казловым і Ю. Татур адкладзеныя на першую палову 9 студзеня. На 9.15 раніцы 9 студзеня адкладзены разгляд справы Максіма Урбановіча за ўдзел у акцыі 7 снежня, а ў 9.50 раніцы ў гэты ж дзень будзе разгледжаная і справа Андрэя Шарэнды

Справа Алены Янушкоўскай суддзя Юлія Густыр таксама вырашыла разгледзець пазней - 9 студзеня ў 09:15. Суддзя ж Валеры Есьман перанёс яшчэ адзін працэс над Аленай Янушкоўскай на 9.30 гадзін 9 студзеня, а над Андрэем Хранковым - на 9.45 гадзін 9 студзеня.

Суды над Пятром Садоўскім і Ганнай Шапуцькай таксама адкладзеныя да 9 студзеня.

Суд Ленінскага раёна

У 11.30 у судзе Ленінскага раёна пачаўся працэс супраць беларускага гісторыка і паэта Уладзіміра Арлова. Яго адміністрацыйную справу па ч. 1 арт. 23.34 КаАП разглядае суддзя Марына Запаснік. У залі суда шмат сябраў і паплечнікаў Уладзіміра Арлова, аднак сам гісторык знаходзіцца па-за межамі краіны. Ён хадайнічаў аб разглядзе справы ў яго адсутнасць. 

Сведкі таксама ў працэс не з'явіліся. Суд прыняў рашэнне адкласці разгляд справы на 12 гадзін 10 студзеня.

Тым часам суддзя Юлія Шут разглядзела справу Наталлі Ладуцька, якую вінавацілі па ч. 1 арт. 23.34 КаАП.

laducka.jpg
Наталля Ладуцька ў судзе

Супраць жанчыны сведчыў міліцыянер Хуцкі. Адзін са сведкаў не з'явіўся на паседжанне. Абвешчаны перапынак да 10.00 9 студзеня.

Перапынак да 10 гадзінаў 9 студзеня абвешчаны і ў працэсе над Барысам Дуброўскім.

barys_dubrouski.jpg
Барыс Дуброўскі ў судзе

Яго справу разглядаў Аляксей Кісляк, сведкамі-міліцыянтамі заяўленыя Хуцкі і Вавенкоў

Суд над Зміцерам Казловым, больш вядомым як блогер Шэры кот, адкладзены на 9 раніцы 10 студзеня. На паседжанне не з'явіўся ні сам актывіст, ні сведкі-міліцыянты па яго справе Ціханаў і Грынеўскі. Праваабаронцам вядома, што Зміцер Казлоў знік і не выходзіць на сувязь больш за чатыры дні. 

У 12.30 адбыўся працэс і над Барысам Анікеевым. Яго справу разглядаў суддзя Аляксей Кісляк

anikeu.jpg
Барыс Анікееў у судзе

На паседжанне з'явіўся толькі адзін сведка-міліцыянер - Раман Торык. Другі сведка - Шайло - не з'явіўся. Па выніку паседжанне адкладзенае на 12 гадзін 9 студзеня. 

Актывістка Ніна Багінская прыйшла ў суд падтрымаць тых, каго сёння судзяць, у сваім "фірмовым" паліто. Міліцыянер суда папрасіў Ніну Багінскую не хадзіць з такой нашыўкай на спіне па суду. 

Тут з'явіўся супрацоўнік у цывільным і пачаў здымаць на відэакамеру тое, што адбываецца, а міліцыянер суда нават не зрабіў яму заўвагу. 

У 14.30 пачаўся судовы разгляд справы супраць Віктара Кавалькова (айцец Вікенцій). Судзіць Аляксей Кісляк. Віктар Кавалькоў на працэс не з'явіўся, паседжанне праводзіцца ў яго адсутнасць. Супраць Кавалькова сведчыць супрацоўнік АМАП Раман Томік, які сцвярджае, што бачыў як айцец Вікенцій стаяў на прыступках, выкрыкваў словы супраць інтэграцыі з Расіяй, чытаў малітву. Сведка таксама ўпэўнены, што Віктар Кавалькоў усведамляў, што супрацоўнікі папярэджваюць яго пра ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Суд адкладзены на 9 студзеня да 14.15, бо не з'явіўся яшчэ адзін сведка і сам Віктар Кавалькоў. 

Таксама ў 14.30 разглядаюць справу ў адносінах да паэта Уладзіміра Някляева. Старшынствуе Марына Запаснік, сведкамі выступаюць Іван Кавальчук і Петкін. 

nekliaev_kalia_suda.jpg
Уладзімір Някляеў каля будынку суда
nekliaev_sud2.jpg
На паседжанні па справе Уладзіміра Някляева

На пачатку працэсу Уладзімір Някляеў заявіў адвод суддзі. Сведкі не з'явіліся. Абвешчаны перапынак. 

nekliaev_sud3.jpg
Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Марына Адамовіч у залі суда

Пасля перапынку суддзя аб'явіла пра перанос разгляду адміністрацыйнай справы Уладзіміра Няклеева на 10 раніцы 10 студзеня

"Навагоднія суткі". Падтрымай паштоўкай тых, хто выходзіў за незалежнасць

Па стану на 29 снежня, пакараныя адміністрацыйным арыштам па артыкулу 23.34 КаАП дзесяць чалавек. Гэтыя людзі рэалізоўвалі свае канстытуцыйныя правы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства