Ціск на удзельнікаў акцый 8 і 15 лістапада набірае новыя абароты Дакумент Дапоўнена
Як паведамлялася раней, на youtube-блогераў, якія актыўна заклікаюць прыняць удзел у акцыі пратэсту 15 лістапада "Сустрэча свабодных людзей" на Кастрычніцкай плошчы, распачаўся ціск. Супрацоўнікі міліцыі прыходзілі дадому да маці гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага - аўтара канала "Краіна для жыцця", тэлефанавалі з пракуратуры блогеру Уладзіміру Цыгановічу (MozgON)
Ціск ажыццяўляецца не толькі на блогераў, але і на актывістаў.
Так, яшчэ 13 лістапада з цягніка "Брэст-Мінск" у Баранавічах быў зняты актывіст Андрэй Шарэнда. Прычына - праверка таго, ці не ўхіляецца ён ад ЛТП. Але ў пастарунку ў яго пачалі пытаць наконт заклікаў у сацыяльных сеткаў на акцыю 15 лістапада.
Актывістаў Дзяніса Урбановіча (з якім у якасці падтрымкі прыйшоў Віталь Трыгубаў), Дзяніса Красачку і Анастасію Гусеву выклікалі ў Генеральную пракуратуру. Ім трэба было прыйсці сёння, 15 лістапада, пачынаючы з 10.00 гадзін. Напрыклад, Гусевай напярэдадні патэлефанаваў майор Аляксандр Усік з запрашэннем прыйсці. Калі Анастасія сказала, што афіцыйная позва да яе не даходзіла, высветлілася, што яе накіравалі на стары адрас, дзе дзяўчына ўжо некалькі гадоў не зарэгістравана. На пытанне, навошта яе выклікаюць, Аляксандр Усік растлумачыў: з прычыны акцыі 8 лістапада.
На дадзены момант візіт у Генеральную пракуратуру скончыўся толькі ў Дзяніса Красачкі. Ён распавёў, што яго распытвалі наконт акцыі 8-га лістапада, ці быў ён там. А таксама ці быў ён папярэджаны аб адказнасці, ці былі заклікі да ўдзелу ў акцыі 15-га лістапада. Дзяніс адмовіўся адказваць на ўсе пытанні. Яму было ўручана афіцыйнае папярэджанне "аб недапушчальнасці парушэння закона".
Праваабаронцам даслалі фота, на якім бачна, што каля будынку Генпракуратуры па вуліцы Інтэрнацыянальнай дзяжурыць тэнтаваны армейски МАЗ і спецыяльны аўтамабіль.
Акрамя вышэйпазначаных актывістаў, у Генпракуратуру выклікалі шэраг членаў Еўрапейскай Беларусі.
Са слоў Дзяніса Красачкі, брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна вызывалі ўчора, 14 лістапада, ў брэсцкую міліцыю менавіта з прычыны акцыі 15 лістапада.
А тым часам, як паведамляе "Наша ніва", на Кастрычніцкай плошчы, дзе анансавана правядзенне акцыі "Сустрэча свабодных людзей", сёння ў 12.00 пачнецца ўсталяванне навагодняй ёлкі. Дарэчы, у мінулым годзе ёлку пачалі ўсталёўваць 21 лістапада.
Дзяніс Урбановіч, выйшаўшы з Генеральнай пракуратуры, распавёў, што яго таксама распытвалі пра акцыю 8-га лістапада і ці не заклікаў ён каго-небудзь да нейкіх радыкальных дзеянняў. Той адазаў, што ўвогуле не быў там. Як і Дзяніса Красачку, Урбановіча афіцыйна папярэдзілі, што акцыя 15-га лістапада расцэньваецца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, а не як перадвыбарчае агітацыйнае мерапрыемства (што праводзіцца ў згодна Выбарчаму кодэксу).
Віталь Трыгубаў лічыць, што такі вызаў акывістаў, з уручэннем афіцыйнага папярэджання, робіцца для таго, каб калі міліцыяй будуць ужытыя нейкія меры падчас акцыі, можна было б на падставе гэтага казаць, што яны законныя.