viasna on patreon

На ўчастку, на якім паведамілі пра высокую яўку выбаршчыкаў, забаранілі фота- і відэаздымку

2019 2019-11-13T11:27:46+0300 2019-11-14T11:53:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dosrochno_svaboda_s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Лойка паведамляе пра новыя інцыдэнты са школы №159, дзе размяшчаецца тры выбарчыя ўчасткі.

Фота: svaboda.org
Фота: svaboda.org

У першы дзень датэрміновага галасавання па выніках дня ён паведамляў пра розніцу выкарыстаных бюлетэняў на дзвюх участках, якія знаходзяцца ў суседнях пакоях ў дзесяць разоў.

Сёння, 13 лістапада, у другі дзень датэрміновага галасавання сябры камісій, якія працуюць на трох участках гэтай школы вырашылі проста забараніць фотаздымку назіральніку, каб увогуле выключыць “зліў” інфармацыі.

Каля вывешанага пратаколу ўчастка для галасавання  №390 вывесілі паперу, што згодна з рашэннем УВК №390 ад 12 лістапада 2019 фота і відэа на ўчастку забаронены. Акрамя гэтага, паставілі палку з аб’явай, што фатаграфаваць і здымаць на відэа на ўчастку забаронена.

Заўважым, што такія дзеянні сябраў камісіі абсалютна неправамерныя, супярачаць выбарчаму заканадаўству і прынцыпам адкрытасці і публічнасці выбараў.

Дарэчы, назіральнік Аляксей Лойка 12 лістапада прысутнічаў на ўчастку №390 да самага яго закрыцця — да 19 гадзін. Перад сыходам, ён паспеў зрабіць некалькі фотаздымкаў, то бок рашэння, якое нібы забараняе здымку, яшчэ не было. Устае пытанне: сябры камісіі прынялі такое рашэнне ноччу, не ў працоўны час камісіі?     

Старшыня камісіі Алена Кульбацкая заявіла назіральніку, што “з сённяшняга дня пратакол датэрміновага галасавання фатаграфаваць забараняецца пад пагрозай таго, што яго выганяць з участка і пазбавяць акрэдытацыі”.

Апроч усяго гэтага, учарашні пратакол УВК №390 сёння вывешаны ў адрэгаваным выглядзе. Зноў устае пытанне: калі сябры камісіі зрабілі гэта?

“Пратакол за ўчорашні дзень дапісалі, пазначалі колькасць невыкарыстаных бюлетэняў. Я ўдакладніў у старшыні камісіі Кульбацкай, з чым звязана змена дадзеных у пратаколе (дадана лічба невыкарыстаных бюлетэняў). Мне старшыня сказала, а Вы ўпэўнены што ён змяняўся? Чым можаце пацвердзіць?” — распавядае Аляксей Лойка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Навіны кампаніі ў фэйсбукутвітэры і на Тэлеграм-канале

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства