Першы дзень датэрміновага галасавання: яўка завышаецца больш, чым у 10 разоў
Назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Лойка назірае за датэрміновым галасаваннем на ўчастку №390 у сярэдняй школе №159, Адзінцова, 30. Гэта Мінская-Заходняя выбарчая акруга №102, па ім балатуецца сем кандыдатаў, чатыры з іх — ад апазіцыі.
У гэтай жа школе, у суседнім кабінеце знаходзяцца яшчэ два ўчасткі для галасавання №389 і №391.
Аляксей Лойка прысутнічаў на ўчастку №390 з моманту яго адкрыцця да закрыцця з перапынкам на абед на дзве гадзіны.
З абеду назіральнік вярнуўся ў 15 гадзін 30 хвілін, за паўгадзіны да адкрыцця ўчастка. За паўтары гадзіны яго адсутнасці ў хол школы прынеслі музычную апаратуру і пачалі арганізоўваць канцэрт.
«Настаўнікі хадзілі і ўгаворвалі іншых настаўнікаў, што трэба прыйсці самім і прывесці дзяцей. Роўна ў 16 гадзін пачаўся "канцэрт". Музыка грала так моцна, што нават калі нам зачынілі дзверы на ўчастак, дзе я назіраў, па тэлефоне пагаварыць было немагчыма. Я такую музыку ніколі не чуў у сценах школы, не ўяўляю як у суседніх класах вялі ўрокі. У кабінеце было проста немагчыма нешта пачуць, акрамя музыкі. Старшыня камісіі Алена Кульбацкая зазывала мяне паглядзець канцэрт у калідоры», – распавядае Аляксей Лойка.
У 19 гадзін пасля закрыцця ўчастка ён сфатаграфаваў пратакол галасавання на ўчастку №390. У ім значыцца, што прагаласаваў 21 чалавек. Аднак назіральнік сцвярджае, што прагаласавала толькі 16 чалавек за ўвесь дзень: да абеду – 4 чалавекі, пасля абеду – 12. Калі да 17 гадзін ішлі пераважна пенсіянеры, то пасля 17 гадзін ішлі людзі з дзецьмі. На пратаколе таксама відаць, што не запоўненая таксама і чацвёртая графа «колькасць нявыкарыстаных бюлетэняў».
Пасля таго, як назіральнік кампаніі сфатаграфаваў пратакол у УВК №390, дзе назіраў ўвесь дзень, ён зайшоў у суседні кабінет проста сфатаграфаваць пратаколы дня датэрміновага галасавання ў УВК №389 і №391 (як акрэдытаваны ў АВК доўгатэрміновы назіральнік).
Яго доўга не хацелі дапускаць да пратаколаў, хоць гэтыя пратаколы павінны адкрыта вывешвацца для ўсіх. Старшыня УВК №391 Іна Богдан (яна ж дырэктарка гэтай школы) вінаваціла яго ў тым, што назіральнік нібыта ўварваўся на ўчастак для галасавання пасля заканчэння яго работы, папракала яго ў тым, што ён не знайшоў часу за ўвесь дзень прыйсці і акрэдытавацца на яе ўчастку, хоць Лойка сядзеў увесь час у суседнім кабінеце.
Пасля таго, як Аляксею Лойку ўсё ж удалося сфатаграфаваць пратакол па гэтым участку, старшыня камісіі заявіла, што яна «цяпер паедзе ў акруговую камісію і пазбавіць назіральніка акрэдытацыі, і ён больш не будзе прыходзіць пасля заканчэння дня галасавання».
Ён таксама сфатаграфаваў пратакол дня галасавання суседняй УВК №391. Аднак, калі гэта ўбачыла старшыня УВК №389 Таццяна Данчанка (яна ж намесніца дырэктарка гэтай школы), падбегла да стэнда і літаральна вырвала з-пад пластыкавай рамкі пратакол дня галасавання УВК №389.
«Калі ж я яе папрасіў даць мне пратакол для таго, каб я зрабіў фатаграфію, яна сказала, што яна здала ключы ад сейфа міліцыянту і ня будзе мяне акрэдытаваць для таго, каб я сфатаграфаваў пратакол дня галасавання на УВК №389. І сказала, каб я гэта рабіў заўтра раніцай. Сёння ж я павінен пакінуць памяшканне», – абураецца няведаннем і маніпуляцыяй выбарчага заканадаўства сябрамі камісій назіральнік кампаніі.
У пратаколах першага дня датэрміновага галасавання на ўчастках №390 і №391, якія знаходзяцца ў суседніх кабінетах, бачная каласальная розніца ў колькасці прагаласаваўшых: на 242 чалавекі.
"Па маіх уражаннях, на суседнія ўчасткі №389 і №391 на галасаванне ішло прыкладна на 20 чалавек больш, чым прыйшло на ўчастак №390, дзе я назіраў. Гэта збольшага тлумачыцца тым, што там усё ж два ўчасткі, а не адзін. Атрымліваецца , што за кошт "канцэрту" яўка на суседніх участках завышаная больш, чым у 10 разоў", – кажа назіральнік кампаніі.
Аляксей Лойка абскарджвае ўсе неправамерныя дзеянні сябраў камісій. Аднак і тут сітуацыя парадаксальная: ён абскардзіць усе гэтыя дзеянні старшыні АВК Заходняй выбарчай акругі №102 Таццяне Забаўскай, якая працуе ў гэтай школе педагогам-псіхолагам. Па сутнасці атрымліваецца, што разглядаць яна будзе скаргі на дырэктарку і яе намесніцу школы, у якой яна сама працуе.
Паведамляецца, і пра рэкордную яўку ў першы дзень датэрміновага галасавання і на іншых участках у горадзе Мінску. Так, euroradio.fm апублікавала фотафакт, што на ўчастку №433 у Фрунзенскім раёне выдадзена 178 бюлетэняў, што складае больш за 10% толькі за адзін дзень.
Падобная сітуацыя і на выбарчым участку для галасавання №585, што ва Усходняй выбарчай акрузе. Грамадскі актывіст Алег Корбан, які з'яўляецца назіральнікам гэтым участку, таксама апублікаваў фота пратаколу дня галасавання па гэтай акрузе. Там напісана, што ў першы дзень галасавання было выдадзена 110 бюлетэняў. Паводле яго слоў, па дадзеных назіральнікаў з гэтага ўчастка сюды прыйшло ўсяго 29 чалавек.
Некалькі фотаздымкаў пратаколаў апублікаваў телеграм-канал "Выбары. Беларусь", дзе такая ж сітуацыя назіраецца на іншых выбарчых участках Мінска:
- на выбарчым участку №589 – выдадзена 130 бюлетэняў (паведамляецца, што назіральнік налічыў 30 чалавек);
- на ўчастку № 295 – 130 бюлетэняў (паведамляецца пра 44 выбаршчыкі).
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале