viasna on patreon

Пададзеная апеляцыйная скарга на завочны прысуд Вадзіму Саранчукову: навошта гэта трэба?

2024 2024-09-04T15:05:54+0300 2024-09-04T16:46:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saranchukou0409.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Саранчукоў

Вадзім Саранчукоў

Выканаўцу абавязкаў старшыні Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова 30 жніўня Гродзенскі абласны суд завочна асудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 24 тысяч рублёў. Яго судзілі паводле ч.1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (“Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”).

4 верасня палітык з дапамогай юрыстаў абскардзіў прысуд Гродзенскага абласнога суда ў Вярхоўным Судзе. 

"Спецвытворчасць" і завочны суд каментуе праваабаронца “Вясны” Леанід Судаленка, які аказвае дапамогу па завочных судах у Беларусі:

“Прызначаны ў справе Саранчукова адвакат, як і адвакаты ва ўсіх іншых завочных справах, на сувязь не выйшаў, таму нам невядомыя канкрэтныя эпізоды, якія суд схаваў пад "іншае садзейнічанне экстрэмізму". У скарзе мы паставілі пытанні парушэння канстытуцыйных гарантый на абарону, спаборнасць і роўнасць бакоў у працэсе, што не забяспечваецца ў любым завочным судзе".

Праваабаронца лічыць, што ў сітуацыі, калі па палітычных справах не засталося ніякіх інструментаў на абарону, разлічваць на хуткую адмену прысуду цяжка.

"Мы працуем на будучыню, дакументуем, уцягваем у вынясенне заведама неправасудных прысудаў як мага большую колькасць выканаўцаў рэпрэсій. Яшчэ адной нашай мэтай з'яўляецца канстытуцыйная скарга, з якой пасля вычарпання ўсіх сродкаў абароны ёсць магчымасць звярнуцца ў Канстытуцыйны Суд. Бо сітуацыя з беларускай спецвытворчасцю вельмі нагадвае так званыя сталінскія "тройкі". Трое – суддзя, пракурор і адвакат – за зачыненымі дзвярыма судзяць людзей за выказванне меркаванняў. Фактычна за інтэрв'ю, зноў жа без ацэнкі індывідуальнага характару з пункту гледжання абмежаванняў права на выказванне меркавання. Тое, што ў Беларусі называюць экстрэмізмам, тут у Літве называецца свабодай выказвання меркаванняў”,– каментуе Судаленка.

Дарэчы, у судзе над гарадзенскім палітыкам Вадзімам Саранчуковым усплыў цікавы факт. Прызначаны адвакат Раман Гушчын ад імя падабароннага прызнаў у судзе віну ў поўным аб'ёме.

«Таму мы дадаткова падалі ў пракуратуру заяву аб узбуджэнні справы ў дачыненні да адваката, саўдзельніка крымінальнай справы за фальсіфікацыю доказаў і за адмову ў прадастаўленні інфармацыі. Таксама звярнуліся ў ліцэнзуючы орган і Рэспубліканскую калегію адвакатаў аб парушэнні як закона аб адвакатуры, так і правілаў адвакацкай этыкі, якія забараняюць абаронцу дзейнічаць насуперак інтарэсам кліента, а таксама займаць прававую пазіцыю, не ўзгодненую з ім," – кажа праваабаронца.

На сёння спецвытворчасць у Беларусі пачата ў дачыненні да 117 чалавек, у дачыненні да 93 з якіх ужо вынесены завочныя прысуды (ва ўсіх выпадках абвінаваўчыя). Максімальны тэрмін у 25 гадоў пазбаўлення волі атрымаў вядомы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў. Максімальны штраф у 40 000 базавых велічыняў на суму 1 600 000 рублёў Мінскі абласны суд вынес у дачыненні да прэс-сакратаркі Ціханоўскай – Ганны Красулінай.

Таксама Следчы камітэт ужо анансаваў распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да кандыдатаў у Каардынацыйную Раду, а таксама асобаў, якія бралі ўдзел у Дні Волі ў розных краінах па-за межамі Беларусі. З гэтага вынікае, што ўжо хутка спецвытворчасць закране тысячы беларусаў, якія выехалі за мяжу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства