Гамельчука хочуць судзіць за рэпост парадаў ад анархістаў
Як паведамляе "Гомельская Вясна", 7 сакавіка ў АУС Цэнтральнага раёна Гомеля пачаўся адміністрацыйны працэс у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага. Супраць яго склалі адміністрацыйны пратакол, абвінаваціўшы ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП).
Сутнасць правапарушэння ў тым, што мужчына на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» падзяліўся публікацыяй «Што рабіць, калі вас заганяюць у БРСМ. Парады ад анархістаў».
«Мяне выклікаў маёр міліцыі Ілля Крук і прад'явіў скан са старонкі ў Фэйсбуку. Аказваецца, яшчэ 6 лістапада мінулага года я зрабіў рэпост інфармацыі пра БРСМ і анархістаў. Я ўжо нават не памятаю, націснуў кнопку «падзяліцца» па памылцы альбо свядома. Нават калі свядома, адкуль мне ведаць, што гэтая інфармацыя ўключаная ў спіс экстрэмісцкіх», - патлумачыў мужчына.
Пётр Маркоўскі лічыць, што яго пераследуюць за актыўнасць і ўдзел у «маршах недармаедаў» 2017 года.
На думку праваабаронцы Леаніда Судаленкі, дзяржаўныя органы занадта шырока трактуюць само паняцце «экстрэмізм».
«Бяруць любую сацыяльную сетку, любую групу, якая крытыкуе дзеючую ўладу, і прызнаюць рэсурс экстрэмісцкім. Мне невядома, чаму рэпост інфармацыі пра БРСМ і анархістаў прыроўнены да экстрэмізму. У нас кожны, хто не згодны з уладай - ужо экстрэміст. Калі ёсць абмежаванне на распаўсюд інфармацыі, то павінна быць тлумачэнне - якую мэту пераследуе дадзенае абмежаванне? Гэта закранае правы і свабоды іншых грамадзянаў, нацыянальную бяспеку, тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы? Пакуль я бачу, што справа прыцягнутая за вушы», - пракаментаваў сітуацыю Судаленка.
Нагадаем, згодна з ч. 2 артыкула 17.11 КаАП распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, цягне штраф ад 10 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт да 15 сутак.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96