Суд над Алесем Дзянісавым за перапост адбудзецца сёмага лістапада
Суд па адміністрацыйнай справе аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў супраць Алеся Дзянісава адбудзецца сёмага лістапада. Пра гэта гарадзенскі музыка паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.
Паседжанне адбудзецца ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні, у памяшканні №3. Пачатак паседжання – 10.00.
Другога кастрычніка на Дзянісава быў складзены пратакол па частцы 2 артыкула 17.11 КаАП (выраб або распаўсюджванне, а таксама захоўванне з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства). Падставай для складання пратаколу стаў перапост на старонцы музыкі ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” двух відэа з забароненага анархічнага пабліка.
“Абодва відэа былі рэпостнуты 6 сакавіка 2017 г. Абодва зараз адсутнічаюць, хаця я іх не выдаляў. Нічога на іх экстрэмісцкага няма. Яны - пра ўдзел бярасцейскіх анархістаў у Маршах тунеядцаў”, – напісаў Дзянісаў у Facebook.
Нагадаем, што напрыканцы верасня, за некалькі дзён да складання гэтага пратакола, невядомыя сілавікі патэлефанавалі дахаты Алесю Дзянісаву, калі таго не было дома, і фактычна ўчынілі допыт яго непаўнагадовай дачкі.