Справа Фалейчыка: Падобна, што за інтэрв'ю незалежным СМІ цяпер ідуць пад суд
У судзе Кобрынскага раёна 9 лістапада будзе разглядацца адміністратыўная справа, заведзеная на Сяргея Фалейчыка. Ён таксама даў інтэрв'ю незалежным СМІ, што было расцэнена, як "удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве".
Па інфармацыі “Берасцейскай Вясны”, пратакол правапарушэння складзены паводле падзеяў, якія мелі месца ў Менску 21 кастрычніка. У гэты дзень падчас акцыі апазыцыі Сяргей Фалейчык даў інтэрв'ю незалежным СМІ. Гэта і стала падставай дзеля ўзбуджэння адміністратыўнай справы паводле арт. 23.34 КаАП "удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве".
Такім чынам, Фалейчыка, пасля Уладзіміра Някляева і Валерыя Мінца, спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за нібыта заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Маёр міліцыі Аляксандар Салдаеў склаў на Фалейчыка пратакол адміністратыўнага правапарушэння 1 лістапада, а на наступны дзень справу перадалі ў суд. Намеснік старшыні суда Кобрынскага раёна Пётр Цімашэнка прызначыў разгляд справы на 9 лістапада.
Нагадаем, што суд Лідскага раёна 4 лістапада спыніў справу актывіста з Ліды Валерыя Мінца, абвінавачанага ў закліку да несанкцыянаванай акцыі, не знайшоўшы ў матэрыялах справы падстаў для адміністратыўнага пераследу. А вось Уладзіміра Някляева 1 лістапада асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту таксама нібыта за заклік да несанкцыянаванай акцыі.
Падобна, што за інтэрв'ю незалежным СМІ, у якіх актывісты выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, цяпер можна патрапіць пад суд.