У Савеце Еўропы абмяркуюць пытанні правоў чалавека ў Беларусі

2017 2017-10-09T12:27:34+0300 2017-10-09T12:28:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/council_of_europe.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 кастрычніка распачынаецца візіт прадстаўнікоў беларускіх НДА ў Страсбург для ўдзелу ў  шэрагу мерапрыемстваў Савета Еўропы. Ключавыя тэмы – смяротнае пакаранне і свабода асацыяцыяў.

Сярод візіцёраў - Алег Гулак і Юлія Хлашчанкова (РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт»), Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч (ПЦ «Вясна»), Юрый Чавусаў (Асамблея НДА Беларусі), Аляксандр Філіпаў (Ліберальны клуб), Андрэй Вардамацкі (Сацыялагічная лабараторыя «НОВАК») і іншыя.

10 кастрычніка ў Камітэце па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) пройдзе абмен думкамі наконт рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі, прынятай на сесіі Асабмлеі 27 чэрвеня гэтага года.

У той жа дзень беларускія праваабаронцы возьмуць удзел у канферэнцыі "Вяртанне да смяротнага пакарання ў Еўропе: рэальная пагроза або папулісцкая фікцыя?". Асаблівасці працы па адмене смяротнага пакарання ў Беларусі будуць абмяркоўвацца на панельнай дыскусіі "Асновы барацьбы супраць смяротнага пакарання і бягучыя выклікі", дзе выступіць старшыня БХК Алег Гулак.

Старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі выступіць ў межах дыскусіі пра бягучы стан свабоды аб'яднанняў у Еўропе, арганізатарам якой з'яўляецца група ALDE (Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу) у ПАСЕ. Апроч таго, у Алеся Бяляцкага запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі Генеральнага сакратарыята Савета Еўропы і сябрамі Парламенцкай асамблеі.

Таксама ў гэтыя дні распачынае працу Канферэнцыя міжнародных НДА Савета Еўропы. Сярод асноўных тэмаў форума - прыхільнасць непадзельнасці правоў чалавека; абарона праваабаронцаў; заахвочванне роўнасці мужчын і жанчын; свабода сходаў і асацыяцый, а таксама стварэнне асяроддзя, якое б спрыяла функцыянаванню НДА ў дзяржавах-сябрах Савета Еўропы; дэмакратычнае кіраванне шляхам пашырэння ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў працэдурах прыняцця рашэнняў на мясцовым, нацыянальным і еўрапейскім узроўнях; барацьба з дыскрымінацыяй і гвалтам у дачыненні да уразлівых асобаў і групаў; актыўная грамадзянская пазіцыя ў інклюзіўным грамадстве; міграцыя: праблемы і наступствы; кіраванне і тэрытарыяльныя аспекты дэмакратыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства