Высновы з праекта рэзалюцыі ПАСЕ па Беларусі
Камітэт па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы прадставіў праект рэзалюцыі па Беларусі, які будзе вынесены на галасаванне 27 чэрвеня падчас летняй сесіі ПАСЕ ў Страсбургу.
Рэзалюцыя з'яўляецца часткай справаздачы спецдакладчыка ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні.
"Камітэт выказвае глыбокае шкадаванне з нагоды таго, што пазітыўная тэндэнцыя да большай міжнароднай адкрытасці і дыялогу паміж Беларуссю і Асамблеяй была падарваная нядаўняй эскалацыяй гвалту і пераследам мірных дэманстрантаў вясной 2017 года і заклікае да неадкладнага вызваленьня затрыманых актывістаў апазіцыі і расследаванні сцвярджэнняў пра жорсткае абыходжанне і запалохванні супраць іх.
Камітэт настойліва заклікае беларускія ўлады паважаць і падтрымліваць права на свабоду сходаў, асацыяцыі і свабоду выказвання і выкладае шэраг рэкамендацый па забеспячэнні палітычнага плюралізму, свабодных і справядлівых выбараў, сапраўднай палітычнай волі ў пытанні смяротнага пакарання і адпраўлення правасуддзя", рэзюмуецца ў справаздачы.
У тлумачальнай частцы сп. Рыгоні адзначае, што для атрымання інфармацыі Камітэт па палітычных пытаннях і дэмакратыі арганізоўваў рэгулярныя слуханні як у Страсбургу, так і ў Парыжы, з удзелам дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, праваабаронцаў і лідэраў апазіцыі. Апошні такі абмен меркаваннямі адбыўся падчас студзеньскай сесіі ПАСЕ з удзелам старшыні парламенцкай камісіі па правах чалавека Андрэя Навумовіча, дэпутаткі апазіцыі Ганны Канапацкай і прадстаўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянціна Стэфановіча, які даваў ацэнку сітуацыі ў галіне правоў чалавека за 2016 год. У справаздачы, спасылаючыся на гэтую інфармацыю, спецдакладчык ПАСЕ дае ацэнку палітыцы “мяккіх практык”, якой беларускія ўлады прытрымліваліся да сёлетняй вясны, і адзначае, што, “нягледзячы на паляпшэнне палітычнага клімату, да сакавіка 2017 года, не было ніякага сістэматычнага паляпшэння становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі”.
Ацэнка падзеяў, якія адбываліся з сакавіка бягучага года, і іх уплыў на ўзаемадзеянне ПАСЕ з беларускім урадам і парламентам адлюстраваны ў высновах спецдакладчыка.
Высновы
“Беларускія ўлады працягваюць дасылаць супярэчлівыя сігналы ПАСЕ, а таксама сваім заходнім і ўсходнім партнёрам”.
“Беларусь знаходзіцца ў пераломнай кропцы ў адносінах з Саветам Еўропы”. “Прыйшоў час глядзець у адным кірунку”.
“Захоўваюцца сур'ёзныя абмежаванні правоў на свабоду выказвання меркаванняў, асацыяцыі і мірных сходаў.” Акрамя прававых абмежаванняў, вялікая колькасць грамадзян, актывістаў і журналістаў былі адвольна і беспарадкава затрыманыя падчас акцый у сакавіку 2017 года. “Тое, як улады рэагуюць на гэтыя пратэсты, непазбежна будзе вызначаць дзеянні Асамблеі і іншых міжнародных арганізацый”.
Каля 400 чалавек былі пакараныя смерцю ў Беларусі з моманту атрымання незалежнасці ў 1991 годзе. Рэгулярна выносяцца новыя смяротныя прысуды, у тым ліку апошні 17 сакавіка 2017 г. У цяперашні час два чалавекі знаходзяцца ў камеры смяротнікаў.
“Улады працягваюць адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Спецыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі. Асамблея павінна заклікаць урад быць адкрытым для ўсіх праваабарончых механізмаў і інстытутаў” (Савет Еўропы, ЕС, АБСЕ і ААН)”.
“У той жа час, варта прызнаць, што Беларусь адыгрывае канструктыўную ролю ў рэгіёне, а ўлады прадэманстравалі адкрытасць і гатоўнасць абмяркоўваць пытанні правоў чалавека з Саветам Еўропы, ААН, АБСЕ і ЕС. За маніфестамі і дэкларатыўнай дыпламатыяй мусяць следаваць канкрэтныя, адчувальныя вынікі”.
“Поспех урада ў дасягненні сваіх мэтаў па забеспячэнні міжнароднага прызнання, захаванні нейтральнасці і паляпшэнні эканомікі будзе вельмі моцна залежаць ад ступені палітычнай лібералізацыі і плюралізму, якую сістэма гатова прыняць, пры умове наяўнасці канструктыўнай апазіцыяі, якая б мела ўплыў на кіраванне дзяржавай”.
“Сакавіцкія падзеі ўяўляюць сабой відавочны рэгрэс, які, тым не менш, не мусіць перашкодзіць Асамблеі захоўваць прыхільнасць пазітыўнай праграме рэформаў на аснове агульных інтарэсаў і каштоўнасцяў ПАСЕ”.
“Я буду нястомна паўтараць: першым і найбольш надзённым крокам, якім Беларусь прадэманструе шчырую адкрытасць для канструктыўнага дыялогу з Асамблеяй, будзе неадкладнае ўвядзенне мараторыя на прымяненне смяротнай кары з мэтай яе поўнай адмены”.
“У той жа час, у адсутнасць мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання, а таксама істотнага, адчувальнага і аб’ектыўнага прагрэсу ў галіне павагі да дэмакратычных каштоўнасцяў і прынцыпаў Савета Еўропы, Асамблея не ў стане заклікаць Бюро адмяніць прыпыненне статусу спецыяльнага запрошанага для парламента Беларусі”.
У справаздачы Андрэа Рыгоні прапаноўвае, каб Асамблея працягвала сваю дзейнасць, у тым ліку кантакты на высокім узроўні, як з уладамі, так і з незалежнай грамадзянскай супольнасцю, а Камітэт па палітычных пытаннях і дэмакратыі разгледзеў магчымасць актывізацыі дыялогу з беларускім парламентам, незалежнай грамадзянскай супольнасцю і палітычнай апазіцыяй, не прадстаўленай у парламенце.