Прадстаўнік “Вясны” ўзяў удзел у слуханнях па Беларусі ў ПАСЕ
Валянцін Стэфановіч прадстаўляў пазіцыю праваабаронцаў падчас абмеркавання сітуацыі з правамі чалавека і развіццём дэмакратыі ў Беларусі пасля выбараў, якое прайшло 24 студзеня ў Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) у Страсбургу.
Разам з прадстаўніком ПЦ “Вясна” да ўдзелу ў слуханнях былі запрошаныя два дэпутаты ніжняй палаты беларускага парламента – Андрэй Навумовіч, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ і кіраўнік рабочай групы па пытаннях смяротнага пакарання, а таксама сябра апазіцыйнай Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Ганна Канапацкая.
Адкрываў паседжанне спецыяльны дакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні, які адзначыў некаторыя вынікі працы з афіцыйным Мінскам - у прыватнасці, з’яўленне ў парламенце двух дэпутатаў ад апазіцыі і правядзенне ў Мінску міжнароднай канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання.
Праваабаронца ў тэлефоннай размове коратка распавёў пра змест свайго выступу.
Валянцін Стэфановіч заявіў, што ніякіх сістэмных зменаў, якія б сведчылі пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, у Беларусі не адбылося. Прадстаўляючы сітуацыю, ён базаваўся на аналітычным аглядзе за 2016 год, які нядаўна прадставіў Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
“Больш падрабязна я распавёў пра “мяккія практыкі” – калі, замест гвалтоўных разгонаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў і арыштаў іх удзельнікаў, рэзка павялічылася колькасць адміністрацыйных штрафаў актывістам за ўдзел у мірных сходах. Таксама спыніўся на праблеме выкарыстання прымусовай працы, якая зараз пашыраецца ў тым ліку ў звязку з выкананнем прэзідэнцкага Дэкрэта №3, паводле якога за нясплату спецыяльнага збору дзяржаве грамадзяне могуць быць пакараныя адміністрацыйным арыштам з абавязковым прыцягненнем да працы”, - пералічыў ён.
Асобна Валянцін Стэфановіч спыніўся на праблеме смяротнага пакарання:
“Я сказаў, што добра, што ідзе дыялог па гэтым пытанні і арганізоўваюцца міжнародныя канферэнцыі, але трэба заўважыць, што ўсё гэта адбываецца на фоне актыўнага выкарыстання смяротнага пакарання. Цягам года былі расстраляныя чатыры чалавекі і вынесеныя чатыры новыя смяротныя прысуды, па двух з якіх асуджаныя чакаюць прывядзення ў выкананне”.
Сярод пытанняў да выступоўцаў Валянцін Стэфановіч адзначыў пытанне ад прадстаўніка Арменіі – наконт стаўлення да экстрадыцыі з Беларусі расійска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына.
“Я адказаў, што пункту гледжання праваабаронцаў гэта ў цэлым непрымальная практыка – караць блогераў, калі яны сваёй дзейнасцю не нясуць ніякай пагрозы ні нацыянальнай бяспецы ні грамадскаму парадку. І тым больш - выдаваць чалавека краіне, якая заяўляе, што гатовая з ім расправіцца. Гэта непрымальна адносна любых дзяржаваў”, - падкрэсліў Стэфановіч.
На пытанне, ці парушаюцца ў Беларусі правы жанчынаў, ён адказаў у кантэксце сумнавядомых прэзідэнцкіх дэкрэтаў:
“Я нагадаў, што апроч таго, што ў Беларусі ўвогуле няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, існуюць яшчэ прэзідэнцкія дэкрэты, якія парушаюць, у тым ліку, і правы жанчын – Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які прадугледжвае сплату дзяржаве збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў, і Дэкрэт №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у “праблемных сем'ях”, які ўвёў паняцце “абавязаныя асобы”. Абодва прававыя акты падвяргаюцца рэзкай крытыцы праваабаронцаў”.
Напрыканцы свайго выступу Валянцін Стэфановіч сказаў, што беларуская праваабарончая супольнасць заклікае ўлады да паўнавартаснага дыялогу і ўзаемадзеяння ў пытаннях правоў чалавека дзеля паляпшэння сітуацыі, што, безумоўна, у інтарэсах усяго беларускага грамадства – рэальныя змены і рэальнае паляпшэнне.