Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2016 годзе. Аналітычны агляд
ВЫСНОВЫ:
- змены геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне, непасрэдна прылеглым да межаў Рэспублікі Беларусь, працягвалі аказваць істотны ўплыў на знешнюю і ўнутраную палітычную сітуацыю ў краіне на працягу 2016 года, што ў сваю чаргу ўплывала і на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі;
- на працягу года, у цэлым, назіраўся працяг палітыкі “мяккіх практык”, якая пачалася ў жніўні 2015 г. i якая выяўляецца, у першую чаргу, у адмове ад гвалтоўнага спынення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, затрыманняў і арыштаў іх удзельнікаў. У той жа час, колькасць выпадкаў прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў, у параўнанні з папярэднім годам, павялічылася амаль у 7 разоў;
- канстатуем, што ніякіх сістэмных зменаў, скіраваных на якаснае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне на працягу 2016 года, не адбылося. Асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы заставаліся абмежаванымі на заканадаўчым узроўні. Нягледзячы на агульнае зніжэння маштабу рэпрэсіяў, ўзровень кантролю над грамадствам заставаўся вельмі высокім;
- выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 6-га склікання, якія прайшлі 11 верасня 2016 года, не прывялі да значнага росту рэпрэсій у краіне і прайшлі на больш спрыяльным ўнутрыпалітычным фоне, чым папярэднія выбарчыя кампаніі. У той жа час, у цэлым, выбары не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а тых нешматлікіх, але шырока анансаваных змяненняў, унесеных у некаторыя Пастановы ЦВК, было відавочна недастаткова, каб якасна змяніць характар выбарчай кампаніі ў бок яе большай дэмакратычнасці і транспарэнтнасці;
- у 2016 годзе ўлады краіны не змаглі ў поўнай меры адмовіцца ад практыкі палітычна матываванага крымінальнага пераследу. На працягу года праваабаронцамі былі зафіксаваныя выпадкі крымінальнага пераследу па палітычных матывах у дачыненні да сямі чалавек: В. Жаромскага, М. Пякарскага, В. Касінерава, Дз. Паліенкі, Э. Пальчыса, А. Лапіцкага і У. Кондруся.
- у той жа час, пасля публічнай рэакцыі грамадзянскай супольнасці, дзеянняў па адвакатаванні і заяваў праваабарончых арганізацый пра палітычна матываваны характар крымінальнага пераследу па ўказаных вышэй крымінальных справах абвінавачаныя былі вызваленыя з-пад варты і да іх не ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі;
- у месцах прымусовага ўтрымання грамадзян на працягу года працягвалі знаходзіцца М. Жамчужны і А. Лапіцкі, крымінальны пераслед якіх быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным, а самі вязні былі прызнаныя палітычнымі;
- у Беларусі працягвалася практыка прымянення смяротнага пакарання. На працягу года смерцю пакараныя чатыры чалавекі і вынесены чатыры новыя смяротныя прысуды, па двух з якіх асуджаныя чакаюць прывядзення прысудаў у выкананне;
- у 2016 годзе праваабаронцамі зафіксаваныя шматлікія факты жорсткага абыходжання, якія былі дапушчаныя ў дачыненні да грамадзян супрацоўнікамі МУС. У выніку маніторынгу месцаў пазбаўлення волі здабыткам галоснасці сталі некалькі выпадкаў гібелі зняволеных ва ўстановах Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. На працягу года таксама мелі месца звароты грамадзян, якія сталі ахвярамі непрапарцыйнага прымянення сілы і жорсткага, зневажальнага абыходжання. Праверкі па дадзеных фактах кантралюючымі органамі ў большасці выпадкаў праводзіліся павярхоўна і неаб'ектыўна;
- у 2016 годзе ўлады працягвалі практыку прымянення прымусовай працы. Шматлікія звароты праваабаронцаў у органы пракуратуры і іншыя дзяржаўныя органы па дадзенай падставе засталіся без адпаведнай рэакцыі. У 2016 годзе ўлады пачалі актыўнае прымяненне Дэкрэта прэзідэнта № 3, які абавязаў некаторыя катэгорыі непрацуючых грамадзян да выплаты спецыяльнага збору па кампенсацыі выдаткаў дзяржавы ў сацыяльнай сферы. У выпадку нявыплаты такога збору грамадзяне падлягаюць адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку, у выглядзе адміністрацыйнага арышту з абавязковым прыцягненнем да працы;
- па выніках праходжання Рэспублікай Беларусь другога раўнда Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) ў Савеце па правах чалавека ААН пастановай Савета Міністраў Беларусі быў зацверджаны Міжведамасны План па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых дзяржавай па выніках дадзенага цыклу УПА, на 2016-2019 гг. Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі падтрымалі зацвярджэнне Плана і падкрэслілі сваю прыхільнасць супольным пазіцыям, заяўленым прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый Беларусі ў 2015-2016 гадах, а таксама заклікалі дзяржаву цесна ўзаемадзейнічаць з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці;
- нягледзячы на пастаянныя заклікі праваабарончай супольнасці да стварэння дыялогавых пляцовак па правах чалавека з дзяржаўнымі органамі і ўвядзення нацыянальнага інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека, належнага і паўнавартаснага ўзаемадзеяння праваабаронцаў з дзяржавай на працягу года не адбывалася.