viasna on patreon

Аналітычны агляд па затрыманнях у Мінску ў сакавіку 2017 года (інфаграфіка)

2017 2017-04-21T09:16:33+0300 2017-08-31T13:33:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanni-2017-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 27 сакавіка па 13 красавіка 2017 года Праваабарончым цэнтрам “Вясна” было сабрана і апрацавана 130 анкет ад асобаў, правы якіх былі парушаныя ў сувязі з выказваннямі імі меркавання і ажыццяўленнем права на мірны сход.

Аналітычны  агляд па затрыманнях у Мінску ў сакавіку 2017 года

Абставіны, вядомыя па выніках анкетавання, прыводзяць да вываду аб свядомым парушэнні супрацоўнікамі органаў унутраных спраў норм закона, якія рэгулююць іх дзейнасць: у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі, з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Дзяржава, усе яе органы і асобы, якія займаюць дзяржаўныя пасады дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. Абмежаванне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках прадугледжаных законам, дзеля дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

Часцей за ўсё пералічаныя вышэй нормы груба парушаліся супрацоўнікамі міліцыі: у затрыманні васьмідзесяці з ста трыццаці апытаных асобаў прымалі ўдзел людзі без форменнага адзення, у двуз выпадках – у чорнай форме невызначаннага прызначэння. Гэта не парушае ўнутраннае заканадаўства наўпрост, але супярэчыць пазіцыі АБСЕ, у адпаведнасці з якой «неабходна, каб супрацоўнікаў міліцыі можна было лёгка адрозніць (у тым ліку па асабістых апазнавальных знаках). Калі супрацоўнікі праваахоўных органаў знаходяцца ў форме, на іх форменным аддзені і/ці галаўным уборы мусяць быць асабістыя апазнавальныя знакі (напрыклад, імя ці нумар). Яны не маюць права здымаць ці хаваць такія апазнавальныя знакі, альбо перашкаджаць іншым чытаць гэтую інфармацыю пад час сходаў”. Знаходжанне супрацоўнікаў міліцыі ў форме пад час аховы парадку на мірным сходзе таксама з’яўляецца сродкам захавання іх жа бяспекі, папярэджваючы магчымыя выпадкі неразумення грамадзянамі іх афіцыйнага статуса.

Аналітычны  агляд па затрыманнях у Мінску ў сакавіку 2017 года

У ста дзевяці выпадках супрацоўнікі супрацоўнікі міліцыі не называлі сябе затрыманым; гэта ў спалучэнні з вышэйдадзенымі абставінамі абцяжарвае ідэнтыфікацыю прадстаўнікоў ахоўнікаў правапарадку, у тым ліку ў выпадках абскарджвання іх дзеянняў.

У адпаведнасці з Законам "Аб органах унутраных спраў», супрацоўнік органаў унутраных спраў ва ўсіх выпадках абмежавання правоў і свабод грамадзяніна абавязаны растлумачыць яму падставы для такога абмежавання, а таксама яго правы і абавязкі, якія ўзнікаюць у сувязі з дадзенай сітуацыяй. Між тым, ста сем са ста трыццаці апытаных не атрымалі тлумачэнні прычын свайго затрымання; некаторым  была паведамлена прычына неадпаведная рэчаіснасці або закону, напрыклад - падазрэнне ў здзяйсненні злачынства або папярэдні удзел у акцыях пратэсту.

Аналітычны  агляд па затрыманнях у Мінску ў сакавіку 2017 года

80 затрыманых сцвярджалі аб ужыванні супрацоўнікамі міліцыі фізічнай сілы, 68 - спецсродкаў без неабходнай падставы з боку затрыманага. Такія дзеянні з'яўляюцца парушэннем Канстытуцыі і арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама не адпавядае патрабаванням згаданага Закона «Аб органах унутраных спраў», які дапускае прымяненне фізічнай сілы і спецсродкаў пры выкананні задач па абароне жыцця, здароўя, гонару, годнасьці, правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў толькі калі іншымі спосабамі выкананне гэтых задач не з’яўляецца магчымым.

 Аналітычны  агляд па затрыманнях у Мінску ў сакавіку 2017 года

Па законе, прымяненню фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў павінна папярэднічаць выразна выяўленае і відавочнае для асобы, супраць якой яны прымяняюцца, папярэджанне аб намеры іх ужыць, за выключэннем выпадкаў, калі затрымка ў іх ужыванні створыць непасрэдную небяспеку для жыцця грамадзян або можа пацягнуць іншыя цяжкія наступствы.

Ва ўсіх выпадках, калі пазбегнуць прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі немагчыма, супрацоўнік органаў унутраных спраў абавязаны імкнуцца ўчыніць найменшую шкоду жыццю, здароўю, гонару, годнасьці і маёмасці грамадзян. Такім чынам, супрацоўнікі органаў унутраных спраў відавочна перавысілі свае паўнамоцтвы, ўжылі фізічную сілу і спецсродкі не ў мэтах, указаных у законе, што павінна атрымаць аб'ектыўную ацэнку органаў, якія будуць сачыць за выкананнем законнасці.

Аналітыка - Праваабарончы цэнтр "Вясна", ілюстрацыі - Дапш.


Маніторынг і падрыхтоўка аналітычнага агляду ажыццяўляліся ў межах сумеснай ініцыятывы “Грамадскі ўдзел”. Партнёрства аб’ядноўвае намаганні грамадскіх арганізацый і ініцыятываў для павелічэння ўдзелу насельніцтва ў грамадскай дзейнасці і кшталтавання грамадзянскай супольнасці. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства