Інфармацыя пра “зброю і выбухоўку” не пацвердзілася – склалі пратакол за акцыю
У Судзе Савецкага раёна 27 сакавіка адначасова з удзельнікамі акцыі да Дня Волі судзілі журналістку Марыну Кастылянчанка, у кватэру да якой 25 сакавіка брутальна ўварвалася міліцыя.
Паводле агучанай у судзе інфармацыі, з’яўленне разам з аператыўнай групай Савецкага РУУС амапаўцаў, якія выламвалі замкі ў дзвярах і стаялі ў пад’ездзе ўвесь час, пакуль праводзіўся агляд кватэры, было абумоўлена тым, што ў міліцыю паступіла інфармацыя пра наяўнасць у кватэры зброі і выбухоўкі. Гэтая інфармацыя ў выніку не пацвердзілася, але Марыну забралі ў Савецкі РУУС, каб скласці пратакол за “непадпарадкаванне законным патрабаванням” міліцыі (артыкул 23.4 КаАП).
Ужо ў РУУСе ўчастковы раптам “апазнаў” Марыну па здымку як удзельніцу “Марша недармаедаў”, які праходзіў у Мінску 15 сакавіка. Так з’явіўся яшчэ адзін пратакол – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул 23.34 КаАП).
Падчас разгляду адміністрацыйнай справы адвакат заявіла хадайніцтвы пра ўстанаўленне адпаведнасці чалавека на здымку асобе Марыны Кастылянчанка, а таксама пра запыт да мабільнага аператара наконт месцазнаходжання абанента падчас акцыі.
Суддзя Дзмітрый Жданок, пасля перапынку на абдумванне, адхіліў абодва хадайніцтвы. Прызнаўшы віну Марыны па абодвух артыкулах, ён вынес пастанову пра адміністрацыйны арышт сумарным тэрмінам на 15 сутак.