viasna on patreon

ЦВК таемна прыняла пастанову аб змяншэнні колькасці назіральнікаў пры выбаркамах

2016 2016-09-11T14:53:56+0300 2016-09-11T15:30:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jarmoshyna_lazavik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Лазавік і Лідзія Ярмошына. Фота: belgazeta.by

Мікалай Лазавік і Лідзія Ярмошына. Фота: belgazeta.by

Напярэдадні асноўнага дня галасавання ЦВК унесла змены ў Палажэнне аб парадку накіравання назіральнікаў у выбарчыя камісіі, звёўшы да мінімуму колькасць давераных асобаў кандыдатаў у дэпутаты. Адзначаючы хуткі і таемны характар унясення гэтых зменаў, эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” расцэньваюць гэта як палітычны крок, скіраваны на зніжэнне празрыстасці падліку галасоў.  

Змены, унесеныя ў пункты 3 и 15 Палажэння аб парадку накіравання назіральнікаў ад 8 чэрвеня 2016 г., зацверджаны апублікаванай на сайце ЦВК Пастановай №57 ад 10 верасня 2016 г.:

“ <…> пункт 3 выкласцi ў наступнай рэдакцыi:

“Давераныя асобы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маюць права ажыццяўляць назіранне на паседжаннях акруговай і ўчастковых выбарчых камісій, на участках для галасавання той выбарчай акругі, па якой балатуецца кандыдат у дэпутаты.
На паседжанні акруговай, участковай выбарчай камісіі, на ўчастку для галасавання маюць права прысутнічаць не больш за аднаго назіральніка з колькасці давераных асобаў кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (з папярэдняй згоды камiсii - больш за аднаго)";

частку другую пункта 15 выкласці ў наступнай рэдакцыі:

“Назіральнікі, акрэдытаваныя пры акруговых выбарчых камісіях, маюць права прысутнічаць у гэтых камісіях пры прыёме пратаколаў участковых выбарчых камісій аб выніках галасавання на участках. З давераных асобаў кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у адпаведнай акруговай выбарчай камісіі мае права прысутнічаць толькі адзін назіральнік (з папярэдняй згоды камiсii - больш за аднаго).".

Асаблівую ўвагу каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч звяртае на той факт, што Пастанова №57 ЦВК была прынятая таемна ад назіральнікаў з няўрадавых грамадскіх арганізацый і апазіцыйных палітычных партый.

“Цэнтральная камісія, у парушэнне сваіх жа метадычных рэкамендацый, дзе камісія абавязаная запрашаць назіральнікаў на кожнае паседжанне, правяла таемнае паседжанне. Ніхто з незалежных назіральнікаў ці назіральнікаў ад апазіцыйных палітычных партыяў, акрэдытаваных пры ЦВК, не быў на яго запрошаны. Назіральнік нашай кампаніі Зміцер Чарных не атрымліваў запрашэння на гэтае паседжанне ні тэлефанаваннем, ні нават праз смс. Гэтае паседжанне было прысвечанае толькі адной тэме – абмежаванню колькасці давераных асобаў кандыдатаў у дэпутаты на выбарчых участках да адной асобы. Да прыняцця гэтай пастановы, падчас усіх папярэдніх выбарчых кампаніяў такога абмежавання не было.
Таемны і хуткі характар прыняцця гэтай пастановы (бо яна прымаецца за суткі да асноўнага дня выбараў, калі ўжо прайшло пяць дзён датэрміновага галасавання) сведчыць, што яна скіраваная толькі на адно – каб падлік галасоў сёння, 11 верасня, быў як мага менш празрыстым. Каб, накіраваўшы на выбарчыя ўчасткі давераных асобаў кандыдатаў у дэпутаты, не магчыма было адсачыць усю працэдуру падліку галасоў, то бок пільна сачыць за кожным сябрам выбарчай камісіі. Толькі ў гэтым я бачу мэту названай пастановы”,
- кажа праваабаронца.

Пры гэтым эксперты кампаніі не ўпершыню ўказваюць на супярэчлівасць у падыходах кіраўніцтва ЦВК. 

“Ізноў жа, кіраўніцтва ЦВК крывадушнічае. Яны заўсёды казалі, што не могуць унесці змены ў выбарчае заканадаўства менш чым за паўгады да выбарчай кампаніі, што ёсць у рэкамендацыях Венецыянскай камісіі і БДІПЧ АБСЕ. Але, як бачым, сваімі пастановамі яны змяняюць правапрымяняльную практыку за суткі, падчас галасавання. Таму, я лічу, гэта не юрыдычная карэктыроўка правоў назіральнікаў, а выключна палітычная, скіраваная на тое, каб зрабіць яшчэ больш непразрыстым падлік галасоў”, - падкрэсліў Уладзімір Лабковіч.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства