Выніковая справаздача па датэрміновым галасаванні
Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Высновы
-Усяго ў датэрміновым галасаванні на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыняло ўдзел 36,05% выбаршчыкаў, што з’яўляецца найбольшай колькасцю за папярэднія прэзідэнцкія кампаніі 2001, 2006 і 2010 гг. Фактычна галасаваць датэрмінова пераўтварылася ў норму, што не адпавядае патрабаванням Выбарчага кодэксу;
-Падчас правядзення назірання за датэрміновым галасаваннем назіральнікамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” былі зафіксаваныя шматлікія факты прымусу грамадзянаў да ўдзелу ў менавіта датэрміновым галасаванні з боку адміністрацыі прадпрыемстваў і ВНУ. Гэта паўтарыла негатыўную практыку папярэдніх выбарчых кампаній;
- Зафіксаваныя выпадкі завышэння яўкі на некаторых выбарчых участках. Абагульненая розніца па колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні, па дадзеных назіральнікаў і УВК склала 6,2% са 144 УВК на якіх вялося назіранне, пры гэтым на некаторых УВК розніца складала больш за 50%.
- Па выніках назірання за датэрміновым галасаваннем 48, 55% назіральнікаў кампаніі адзначылі несупадзенне колькасці прагаласаваўшых датэрмінова, прадстаўленых УВК, з дадзенымі назіральнікаў;
- Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Вялічкін, а таксама некаторыя назіральнікі кампаніі “Права выбару 2015” былі неабгрунтавана пазбаўленыя акрэдытацыі на ўчастку;
- Практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблемаў выбарчага працэсу і стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый. У сувязі з гэтым рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ў частцы зменаў працэдур датэрміновага галасавання застаюцца актуальнымі.
Прававая база
Датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пачалося 6 кастрычніка і скончылася 10 кастрычніка 2015 г.
Згодна з арт. 53 ВК выбаршчык, які не мае магчымасці ў дзень выбараў знаходзіцца па месцы свайго знаходжання, мае права не раней чым за пяць дзён да выбараў прыйсці ў памяшканне для галасавання і прагаласаваць. Афіцыйнага падцверджання прычын немагчымасці выбаршчыка прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў не патрабуецца.
Датэрміновае галасаванне адбываецца ў прысутнасці не менш чым двух членаў УВК з 10.00 да 16.00 і з 16 да 19.00. Для арганізацыі датэрміновага галасавання выкарыстоўваецца асобная скрыня для галасавання, якая апячатваецца ў першы дзень датэрміновага галасавання перад пачаткам галасавання па правілах устаноўленых ч. 3 арт. 51 ВК, пры апячатванні мае права прысутнічаць назіральнік.
Кожны дзень пасля заканчэння галасавання старшыня камісіі ці ягоны намеснік заклейваюць шчыліну ў выбарчай скрыні для галасавання лістом паперы і распісваюцца на ім. Ускрыццё шчыліны адбываецца штодзённа перад пачаткам галасавання ў прысутнасці старшыні камісіі ці ягонага намесніка, пры ўскрыцці мае права прысутнічаць назіральнік. Пасля заканчэння кожнага дня галасавання старшыня камісіі ці ягоны намеснік складаюць пратакол, у якім указваюцца колькасць бюлетэняў, атрыманых выбарчай камісіяй, колькасць грамадзян, якія атрымалі выбарчыя бюлетэні (у апошні дзень датэрміновага галасавання –агульную колькасць грамадзян, атрымаўшых бюлетэні), колькасць папсаваных бюлетэняў і колькасць невыкарыстаных бюлетэняў. Пратакол падпісваецца старшынёй камісіі ці ягоным намеснікам і вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення ў памяшканні для галасавання.
Захаванне скрыні для галасавання забяспечваецца старшынёй камісіі. Пасля закрыцця выбарчага ўчастку адказнасць за ахову выбрачага ўчастку нясуць органы МУС. Ні ВК, ні пастановы ЦВК, не рэгулююць пытанні захавання выбарчых бюлетэняў, спісаў выбаршчыкаў ў перыяды па-за працай УВК. Адзіным дакументам, які рэгулюе гэтыя пытанні з’яўляецца Дапаможнік для членаў УВК па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацверджаны Пастановай ЦВК № 11 ад 14.05.2015 г., згодна з якім спісы выбаршчыкаў і выбарчыя бюлетэні ў перыяд з 19.00 да 10.00 гадзін і з 14.00 да 16.00 гадзін павінны захоўвацца ў сейфах альбо металічных шафах. Сейф (металічная шафа) штодня па заканчэнні галасавання ў 19.00 апячатваецца старшынёй камісіі ці ягоным намеснікам.
Вынікі назірання за пятым днём датэрміновага галасавання.
Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ажыцяўлялі штодзённае назіранне за датэрміновым галасаваннем на 200 УВК на ўсёй тэрыторыі краіны. Вынікі назірання штодзённа апрацоўваюцца і з’яўляюцца рэпрэзентатыўнымі (назіранне праводзіцца на 3,24 % ад 6 129 выбарчых участкаў) і дазваляюць ацаніць асноўныя тэндэнцыі правядзення датэрміновага галасавання. Размешчаная ніжэй інфармацыя была апрацаваная са 144 выбарчых участкаў на стан 10.00 раніцы 11 кастрычніка.