Віцебск: студэнты масава ідуць галасаваць датэрмінова, а ў камісій не супадаюць лічбы (дакументы)
На ўчастку №47 Першамайскага раёна прагаласавалі ўжо больш за 500 выбаршчыкаў – студэнтаў тэхналагічнага ўніверсітэта. На ўчастку №61 прагаласаваўшых меней, але камісія "знайшла" за ноч 100 бюлетэняў.
Вадзім Кузьмін, назіральнік ад партыі левых "Справядлівы свет", адзначае, што старшыні ўчастковых камісій не заўжды добраахвотна дзеляцца звесткамі пра колькасць выбаршчыкаў, прагаласаваўшых датэрмінова. Калі ж гэтага ўдаецца дамагчыся, то робіцца відавочнай розніца паміж участкамі, дзе галасуюць віцебскія студэнты, і дзе – звычайныя гараджане. Апошнія прыходзяць галасаваць па дзесятку-паўтара за дзень, тады як студэнтаў заклікаюць галасаваць датэрмінова і адпраўляюць на ўчастак проста падчас заняткаў. Таму яўка на "студэнцкім" участку №47 непараўнальна высокая, а на суседнім участку №46 – куды меншая, бо туды "прыпісаныя" жыхары звычайных жылых шматпавярховак.
Неадпаведнасць у лічбах, занесеных у пратаколы старшынёй камісіі, заўважыў на ўчастку №61 назіральнік Павел Левінаў:
"Паводле пратаколу, вывешанага на ўчастку вечарам 6 кастрычніка, пасля першага дня датэрміновага галасавання, участковая камісія №61 Першамайскага раёну мела 2050 бюлетэняў. Добра, што я яго сфатаграфаваў! Бо раніцай 7 верасня, перад пачаткам галасавання, пратакол быў ужо іншы – колькасць атрыманых бюлетэняў была ўжо 2150 штук".
Павел Левінаў сфатаграфаваў і адзін, і другі пратакол, а здымкі перадаў журналістам (здымкі прыкладаюцца). Якім чынам камісіі ўдалося за ноч "даатрымаць" 100 бюлетэняў, засталося таямніцай.