viasna on patreon

Абвінавачаны па “справе графіцістаў”: Пры затрыманні нам пагражалі, што мы ніколі не выйдзем на волю

2015 2015-09-03T17:34:21+0300 2015-09-04T10:58:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bel_grafiti.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Максім Пякарскі, абвінавачаны па "справе графіцістаў"

Максім Пякарскі, абвінавачаны па "справе графіцістаў"

Адзін з абвінавачаных па “справе графіцістаў” Максім Пякарскі распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” як праходзіла ягонае затрыманне.

“У момант затрымання я, Вадзім Жаромскі і яшчэ адзін грамадзянін Расейскай Федэрацыі знаходзіліся ў кватэры, вокны ў комнаце былі расчыненыя. Сядзелі, размаўлялі на бытавыя тэмы, і раптам я заўважыў, што нешта сыплецца зверху на падваконнік. І літэральна праз некалькі секундаў зверху спускаецца чалавек па канаце ўвесь у абмундзіраванні, залятае ў вакно, дастае пісталет, наводзіць на нас і крычыць: “Усім ляжаць!” Адразу за ім праз вакно залятае яшчэ адзін супрацоўнік, які крычыць: “Вы што савецкую ўладу не любіце?” Мы ў шоку ад таго, што адбываецца. Пасля гэтага яны пачынаюцца лаяцца, збіваць нас, ужываць электрашокер. Хтосьці з іх адчыніў дзверы – залятаюць яшчэ некалькі чалавек, і агулам у кватэры было ўжо каля 10 супрацоўнікаў, у тым ліку і следчыя.

Пасля пачалі псіхалагічна ціснуць, выбіваць прызнанні ў маляванні графіці, дапытваць па чарзе адразу ў кватэры, пагражалі, што пасадзяць у турму.

Пасля прайшоў вобшук у кватэры, праглядалі ўсё вельмі дасканальна, літаральна кожны лісток. Але панятых прывялі толькі хвілін праз 20 пасля таго, як пачалі агляд. Потым пачалі апісваць і вымаць кампутары, флэшкі, дакументы, банкаўскія карткі. Папсавалі маёмасць у кватэры – разбілі шкляны столік, напрыклад.

Сталі пагражаць, што пасадзяць у турму не толькі нас, але і маю дзяўчыну. Яна ў гэты час мне як раз тэлефанавала, і пры нас супрацоўнік падняў тэлефон і падманам выклікаў яе на допыт. Сказаў, нібыта я на ровары збіў дзіцё, і трэба каб яна таксама пад’ехала.

Мне не давалі тэлефанаваць, груба парушалі мае правы, у тым ліку і права на абарону.

Пасля вобшуку нас вывелі ў наручніках як злачынцаў, пасадзілі ў машыну і адвезлі ў Следчы камітэт. Там на нас працягнулі ціснуць, пагражаць, дапытвалі да самай ночы. Казалі, што мы трапілі на “базу” і ўжо ніколі не выйдзем на волю. Там жа дапытвалі і маю дзяўчыну, пагражалі і ціснулі на яе.

Дакладна ведаю, што і ў Яраслава Ульяненкава праводзілі вобшук, папсавалі маёмасць, давілі фізічна і псіхалагічна. Акрамя таго, у яго дзяўчына ў той момант была цяжарная, выкарыстоўваўся ціск і на яе, хаця ёй заставалася літаральна два тыдні да родаў.

І ў Славы Касінерава - таксама заляцелі, абшуквалі ўсё. А ў яго жонка і гадавалае дзіця. На жонку таксама псіхалагічна ціснулі. Невядома калі, але Славу моцна збілі і зламалі яму сківіцу, і ён апынуўся ў шпіталі. Магчыма гэта адбылося не пры затрыманні, а пазней. Бо тыя, хто бачыў яго адразу пасля затрымання сцвярджаюць, што ён быў цэлы”.

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, а таксама запэцкванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

20 жніўня Следчы камітэт прад'явіў абвінавачванні Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў”.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай наконт сітуацыі, якая склалася, і патрабаваў неадкладнага вызвалення з-пад варты Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага.

31 жніўня М. Пякарскі і В. Жаромскі былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыезде і падпіску аб неразгалошванні. Па меркаванню праваабаронцаў, узяццё падпісак аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга следства незаконна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства