“Падарунак” на дзень народзінаў: Следчы камітэт прад’явіў абвінавачванні фігурантам па “справе графіцістаў”
Сёння ў аднаго з фігурантаў па “справе графіцістаў” - Максіма Пякарскага, дзень народзінаў. Яму спаўняецца 24 гады. І сёння ж Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне бігборду.
Ці прад'яўленыя абвінавачванні Вячаславу Касінераву, які знаходзіцца ў шпіталі, невядома. Яраслаў Ульяненкаў застаецца ў статусе падазраванага.
Тры пастановы аб узбуджэнні крымінальных справаў былі аб’яднанныя ў адно справаводства. Пры гэтым адна са справаў, узбуджанная па факце запэцквання фарбай бігборда з выявамі супрацоўнікаў МУС і спачатку кваліфікаваная па арт. 341 КК “Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці”, была перакваліфікаваная таксама па ч.2 арт. 339 КК.
Цяпер хлопцам пагражае абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.
Ці будзе зменена мера стрымання ў дачыненні да В. Жаромскага і М. Пякарскага на час следства стане вядома пазней.
Як раней адзначаў юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка, нанясенне малюнкаў на сцены нельга ў дадзеным выпадку расцэньваць як хуліганства, бо гэтыя дзеянні не носяць фактаў грубага парушэння грамадскага парадку, з выразам яўнай непавагі да грамадства.
“Магу смела сцвярджаць, што паказаныя надпісы з выявамі не парушаюць груба грамадскі парадак і не выказваюць відавочнай непавагі да грамадства: у іх няма абразлівага зместу, табуіраваных выразаў і азначэнняў.
Матыў нанясення падобных надпісаў пры названых абставінах не можа быць хуліганскі, такія дзеянні з’яўляюцца спосабам выказвання меркаванняў.
Канстытуцыя Беларусі і абавязковы для яе Пакт “Аб грамадзянскіх і палітычных правах” абавязвае дзяржаву паважаць права на выказванне меркаванняў, калі яны маюць мірны характар, не маюць замаху на дзяржаўную або грамадскую бяспеку і маральнасць.
Безумоўна, гэтыя графіці таксама праява выказвання меркаванняў, якая не суправаджаецца прамымі заклікамі да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. Гэтыя надпісы, як і малюнкі, наогул не заклік. І менавіта з такога пункту гледжання яны павінны быць ацэненыя органам, які вядзе крымінальны працэс. Усякага роду здагадкі, «дадумванні» за аўтараў сэнс надпісаў і малюнкаў пры расследаванні крымінальнай справы недапушчальныя, паколькі парушаюць прэзумпцыю невінаватасці", - кажа П. Сапелка.
Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, а таксама запэцкванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” ужо выступіў з заявай на конт сітуацыі, якая склалася, і патрабуе неадкладнага вызвалення з-пад варты Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага.