Сітуацыя з правамі чалавека і становішча праваабаронцаў у Беларусі абмяркоўваецца на Генасамблеі ААН
У рамках 69-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 23 кастрычніка будзе прадстаўлены даклад Спецдакладчыка па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мішэля Форста, 28 кастрычніка - даклад Спецдакладчыка па сітуацыі ў Беларусі Міклаша Харашці. Акрамя таго, пройдуць спецыяльныя мерапрыемствы з удзелам праваабаронцаў.
23 кастрычніка, у працяг справаздачы па становішчы праваабаронцаў, адбудзецца паралельнае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў з Беларусі і Украіны. Нашу краіну прадстаўляе Таццяна Рэвяка (ПЦ "Вясна" і Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава), Украіну - Аляксандра Матвійчук (Цэнтр грамадзянскіх свабодаў і Еўрамайдан SOS) і Вадзім Півавараў (Асацыяцыя ўкраінскіх манітораў захавання правоў чалавека ў дзейнасці праваахоўных органаў). З боку міжнародных арганізацый падтрымку мерапрыемству аказваюць Фонд Дамоў правоў чалавека і Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека.
Як гаворыцца ў анонсе мерапрыемства, хоць Беларусь і Украіна з'яўляюцца суседзямі з агульнай гісторыяй, сітуацыя з правамі чалавека ў гэтых краінах значна адрозніваецца. Іх праваабаронцы сутыкаюцца з рознымі праблемамі, якія, у той жа час, ярка ілюструюць ўсе складанасці праваабарончай супольнасці ва Усходняй Еўропе. У абедзвюх краінах ёсць актыўная грамадзянская супольнасць, якая ў Беларусі працуе ў асноўным неафіцыйна і дагэтуль цалкам не прызнаная, у адрозненне ад Украіны. Пры гэтым падкрэсліваецца роля праваабаронцаў, якая мае вырашальнае значэнне для развіцця абедзвюх краінаў у кірунку дэмакратызацыі і вяршэнства закона.
Акрэсліваючы круг праблемаў у працы ўкраінскіх і беларускіх праваабаронцаў, арганізатары мерапрыемства адзначаюць наступнае:
«Праваабаронцы ва Украіне аказалі актыўную падтрымку мірным дэманстрантам і фіксавалі парушэнні правоў чалавека падчас Еўрамайдана, у тым ліку прымяненне катаванняў і забойстваў з боку праваахоўных органаў. Сёння грамадзянская супольнасць займае важнейшае месца ў аказанні гуманітарнай дапамогі тым, хто вымушаны бегчы з усходу і поўдня Украіны, асабліва з Крыму, і настойвае на дэмакратычных рэформах ва Украіне, фіксуючы ў той жа час вялізныя парушэнні правоў чалавека на усходзе Украіны і ў Крыме.
Беларускія праваабаронцы на працягу многіх гадоў працуюць над рэформамі ў краіне, сутыкаючыся з сістэмнымі і сістэматычнымі парушэннямі іх асноўных правоў на свабоду выказвання меркаванняў, асацыяцыі і мірных сходаў. У іх няма магчымасці даваць ацэнку дзяржаўнай палітыцы незалежна ад самой дзяржавы, а таксама магчымасці абароны правоў ахвяраў парушэнняў правоў чалавека. Як адзначыў Спецыяльны дакладчык па Беларусі ў сваім дакладзе Генеральнай Асамблеі, праваабаронцы сутыкаюцца з крыміналізацыяй іх дзейнасці заканадаўствам і падвяргаюцца пагрозам і ўціску, адвольным затрыманням, уключаючы кароткатэрміновыя затрыманні і доўгатэрміновае адбыванне турэмных заключэнняў, катаванням і жорсткаму абыходжанню, а таксама абмежаванню свабоды перамяшчэння. Становішча уразлівых групаў, такіх як абаронцы правоў ЛГБТ, таксама выклікае непакой».
24 кастрычніка спецыяльнае мерапрыемства праваабаронцаў Украіны і Беларусі з удзелам спецдакладчыка ААН Міклаша Харашці адбудзецца ў Калумбійскім універсітэце Нью-Ёрка.