viasna on patreon

Вызваліць палітвязняў у Беларусі зноў заклікаў спецдакладчык ААН па правах чалавека

2014 2014-10-17T18:47:09+0300 2014-10-17T18:47:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miklash_harashci.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міклаш Харасці, спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

Міклаш Харасці, спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

Беларускія ўлады павінны неадкладна і без якіх-небудзь умоваў вызваліць усіх палітвязняў і забяспечыць поўную рэабілітацыю іх у грамадзянскіх і палітычных правах. Такая адна з рэкамендацый, якія змяшчаюцца ў справаздачы спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харашці.

Дакумент будзе прадстаўлены 28 кастрычніка на 69-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

У дакладзе адзначаецца, што па стане на ліпень 2014 года ў турмах знаходзяцца сем палітвязняў: Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Васіль Парфянкоў.

Міклаш Харашці таксама рэкамендуе беларускаму ўраду гарантаваць незалежнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў, ствараючы ўмовы для таго, каб яны маглі працаваць, не баючыся рэпрэсій, перадае БелаПАН.

Сярод іншых рэкамендацый:

- Правесці ўсебаковы агляд беларускага заканадаўства, што датычыцца свабоды асацыяцыяў, і прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі;

- Адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі);

- Ліквідаваць усе прававыя і адміністрацыйныя перашкоды для атрымання няўрадавымі арганізацыямі і праваабаронцамі фінансавання, у тым ліку з-за мяжы, і прывесці заканадаўства, якое рэгулюе пытанні фінансавання НДА, і практыку ў гэтай галіне ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага права;

- Ануляваць дыскрэцыйныя паўнамоцтвы ўрадавых органаў на вынясенне папярэджанняў у дачыненні да дзейнасці НДА, на падставе якіх іх дзейнасць можа быць спыненая і актывісты могуць быць пакараныя;

- Зарэгістраваць праваабарончы цэнтр "Вясна" і ўсе НДА, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі па палітычных матывах;

- Спыніць кампаніі ў дзяржаўных СМІ па дыскрэдытацыі НДА, якія крытыкуюць урад, і спрыяць аб'ектыўнаму асвятленню іх працы ў сферы абароны правоў чалавека;

- Спыніць пераслед судовымі органамі недзяржаўных СМІ і журналістаў;

- Спыніць практыку стварэння перашкодаў для НДА, якія рэалізуюць сваё права на свабоду мірных сходаў, уключна дэманстрацыі, пікеты і флэш-мобы, а таксама іх прыгнёту і пакарання, і перагледзець заканадаўства ў гэтай галіне, каб прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі;

- Стварыць бяспечныя і спрыяльныя ўмовы для грамадзянскай супольнасці, уключаючы праваабаронцаў, у прыватнасці зліквідаваўшы перашкоды для працы НДА і актывістаў грамадзянскай супольнасці;

- Забяспечваць ўсебаковую абарону НДА і праваабаронцаў ад прыгнёту, запалохвання і гвалту, забяспечваючы аператыўнае, дбайнае і транспарэнтнае расследаванне такіх дзеянняў, а таксама пераслед у судовым парадку і пакаранне асобаў, якія гэта здзяйсняюць;

- Забяспечыць абаронцам правоў ЛГБТ-меншасцяў іх права на свабоду мірных сходаў і свабоду асацыяцыі, каб яны не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за ажыццяўленне гэтых правоў і не падвяргаліся пагрозе гвалту, прыгнёту, пераследу, запалохванню або дыскрымінацыі па прычыне іх сэксуальнай арыентацыі;

- Прыкладаць добрасумленныя намаганні для стварэння нацыянальнайустановы па правах чалавека ў адпаведнасці з Парыжскім прынцыпамі ў супрацоўніцтве з усімі нацыянальнымі НДА, жадаючымі выступаць у абарону правоў чалавека.

naviny.by

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства