viasna on patreon

Левінаў: "Старшыні гарадской выбарчай камісіі варта адмовіцца ад сваіх паўнамоцтваў"

2014 2014-03-05T21:40:49+0300 2014-03-05T21:40:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/padlikgalasou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскі праваабаронцы правёў уласнае расследванне, каб бліжэй пазнаёміцца з асобай старшыні гарадской выбарчай камісіі, якая брала непасрэдны ўдзел у падмане выбаршчыкаў. Як высветлілася, Валянціна Казакоўская двойчы была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за незаконнае выкарыстанне грашовых сродкаў.

"Я перакананы, што такім людзям нельга давяраць падлік галасоў на выбарах! Паўсюль гавораць, што ў камісіі трапілі дасведчаныя людзі з добрай рэпутацыяй, а старшыні камісій – яшчэ і з навыкамі арганізацыйнай працы. Дык вось спадарыня Казакоўчкая, дырэктар культурна-дзелавога цэнтра "Першамайскі", у 2012 годзе была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за за парушэнне супрацьпажарнай бяспекі. А ў 2013 годзе - за нямэтаввае выкарыстанне і (або выкарыстанне з парушэннем бюджэтных сродкаў, у тым ліку дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў, а таксама дзяржаўных пазабюджэтных фондаў на кіраўнічай пасадзе. Звесткі пра гэта я знайшоў у Адзіным дзяржаўным банку дадзеных пра здзейсненыя правапарушэнні", -- распавёў Павел Левінаў.

Праваабаронца кажа, што размаўляў з сябрамі камісіі, і яны нават не ведаюць, што кіруе імі чалавек з адміністрацыйнымі спагнаннямі. На падставе знойдзеных у дакументах агульнага доступу звестак праваабаронца робіць выснову, што справай гонару для Валянціны Казакоўскай было б адмаўленне ад сваіх паўнамоцтваў. Гэта ён і прапануе зрабіць: Левінаў даслаў спадарыні Казакоўскай ліст, дзе прывёў знойдзеныя факты, і папрасіў праінфармаваць яго аб прынятым рашэнні.

Зацікавіцца мінулым Валянціны Казакоўскай праваабаронцу падштурхнулі адразу некалькі фактараў. Па-першае, яго не ўключылі ў гарадскую выбарчую камісію, нават не агалошваючы ягоную кандыдатура падчас галасавання. Па-другое, спадарыня Казакоўская была непасрэднай удзельніцай "праверкі" сапраўднасці подпісаў за вылучэнне некаторых кандыдатаў. Яна прыходзіла да выбаршчыкаў, распытвала, ці іхныя подпісы ў падпісных аркушах, а потым прасіла падпісаць нейкую паперку. Людзям яна тлумачыла, што яны падпісваюцца за сапраўднасць сваіх сведчанняў, а насамрэч гэта была стандартная заява, што выбаршчыкі нібыта паведамляюць пра парушэнне выбарчага заканадаўства – у прыватнасці, пра тое, што даты ў падпісных аркушах яна ўласнай рукой не ставілі.

З такімі выпадкамі фальсіфікацыяў сутыкнуліся, прыкладам, апазіцыйныя актывсты Тацяна Севярынец і Алена Шабуня, Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў. У кожнага з іх "забракавалі" частку подпісаў, а ў выніку не зарэгістравалі кандыдатамі. Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў прадставілі Віцебскаму абласному суду пісьмовыя тлумачэнні грамадзян, чые подпісы за вылучэнне актывістаў былі прызнаныя несапраўднымі. Некаторыя з іх з'явіліся ў суд, каб распавесці пра тое, як іх ашукалі. Але ні пракурор, ні абласны суд не прызналі адмову ў рэгістрацыі незаконнай.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства