viasna on patreon

Віцебскі абласны суд стаў на бок камісіі, якая ашукала выбаршчыкаў (дадаліся заявы выбаршчыкаў)

2014 2014-02-26T10:36:37+0300 2014-02-26T11:38:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/victbsk-ablasny-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксей Гаўруцікаў і Хрыстафор Жаляпаў прадставілі суду пісьмовыя тлумачэнні грамадзян, чые подпісы за вылучэнне актывістаў былі прызнаныя несапраўднымі. Некаторыя з іх з'явіліся ў суд, каб распавесці пра тое, як іх ашукалі. Але ні пракурор, ні абласны суд не хочуць прызнаць адмову ў рэгістрацыі незаконнай.

"У віцебскай камісіі на гэтых выбарах – новае вынаходніцтва. Правяраючы сапраўднасць подпісаў, сябры камісій ідуць да людзей з адмысловымі бланкамі, дзе надрукаваны тэкст заявы пра тое, што дату, маўляў, выбаршчык ставіў не сваёй рукой. Калі размаўляюць з людзямі, іх пра гэта не папярэджваюць, але просяць падпісаць паперку. Чалавек, перакананы ў тым, што яго распыталі наконт сапраўднасці подпісу, гатовы засведчыць, што ён сапраўды мяне вылучаў. І падпісвае не чытаючы", - тлумачыць спецыфіку віцебскага ноў-хаў мясцовы каардынатар Руху"За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў.

Яго, а таксама Аляксея Гаўруцікава, актывіста аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", не зарэгіставалі кандыдатамі ў дэпутаты Віцебскага гарсавета менавіта паводле "вынікаў" праверкі сабраных подпісаў.

Пра такія самыя ашуканствы выбаршчыкаў з "заявамі пра парушэнні" распавяла і каардынатар аргкамітэту па стварэнні БХД Тацяна Севярынец.

Хрыстафора Жаляпава разбіральніцтва ў абласным судзе чакае 26 лютага. Аляксей Гаўруцікаў ужо   выступіў на працэсе і атрымаў рашэнне:

"На судзе я быў не адзін – прыйшлі і сведкі. Хачу гэта адзначыць: людзі настолькі абураныя ашуканствам, што не толькі напісалі пісьмовыя заявы пра тое, як іх "падставілі", але і пагадзіліся прыйсці на працэс. У тым ліку маладая маці, якая пакінула дома грудное дзіця, і бабулька зусім сталага веку. Сведкі казалі, што "з праверкай" да іх прыходзіла сама старшыня камісіі, праўда, яна сама "не памятае", да каго хадзіла, а да каго –не… Ну, але ў выніку суд так і не стаў на мой бок – прызнаў, што ў рэгістрацыі мне адмовілі законна. Бо, маўляў, на момант рэгістрацыі ў распараджэнні камісіі былі заявы грамадзян пра тое, што "даты ставілі не яны". А аспрэчылі гэта яны ўжо калі тэрміны рэгістрацыі прайшлі. Так што кандыдатам у дэпутаты мне не быць!"

Як юрыст, Аляксей Гаўруцікаў ведае яшчэ адзін шлях, каб змагацца з незаконнымі метадамі камісіі. Ён будзе падаваць заяву ў пракуратуру, каб гэтыя дзеянні былі ацэнены з пазіцыі Крымінальнага кодэксу за парушэнне выбарчага заканадаўства. Праўда, у такім выпадку "эпапея" з подпісамі мае зацягнуцца на некалькі месяцаў. І ўсё ж гэтую справу варта давесці да канца, бо засталіся падманутымі людзі, лічыць актывіст.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства