Віцебскаму праваабаронцу Пятру Іванову пагражаюць дэпартацыяй
Пётр Іваноў нарадзіўся ў Беларусі, але працаваў у Расійскай Федэрацыі, дзе і атрымаў грамадзянства. Ягоная дзейнасць па абароне правоў жыхароў Віцебска прыцягнула пільную ўвагу з боку міліцэйскіх структур. Цяпер Аддзел грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РАУС патрабуе ад Іванова справаздачы, на якія сродкі ён жыве.
Гэткую даведку ад праваабаронцы патрабуюць прадставіць да 20 студзеня. У іншым выпадку пагражаюць дэпартаваць з Беларусі, расказвае Пётр Іваноў:
"Я былы кадравы вайсковец, мае сталыя прыбыткі – гэта мая пенсія. Усё гэта факты агульнавядомыя. Гэта засведчана дакументамі, я кажу гэта, прыкладам, і падчас судовых працэсаў. Мяркую, што менавіта з судоў усё і пачалося – з таго, як летась мяне аштрафавалі нібыта за ілжасведчанне на міліцыянтаў, якія затрымлівалі двух віцебскіх моладзевых актывістаў, Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава, парушаючы правілы дарожнага руху. Я напісаў на іх заяву ў ДАІ, але там нібыта правялі праверку і высветлілі, што парушэння не было. Напэўна, у той час усім і стала канчаткова зразумела: з несправядлівасцю і з няпраўдай я не пагаджуся".
Паводле гэтага выпадку Іваноў напісаў зварот да спецдакладчыка Савета ААН. Яшчэ раней, у 2012 годзе, Пятра Іванова затрымлівалі і судзілі "за нецэнзурную лаянку", калі ён распаўсюджваў улёткі ў падтрымку актывіста Сяргея Каваленкі.
"Ужо з паўгода, як мне пагражаюць дэпартацыяй, варта толькі выказаць нейкі пратэст. Тэрмін майго "Віду на жыхарства" сканчваецца ў кастрычніку 2014 года, зараз міліцыя спрабуе знайсці падставы, каб не працягнуць гэта тэрмін, а то і дэпартаваць мяне заўчасна. Праўда, я не магу сабе ўявіць, як гэта будзе адбывацца: у нас жа з Расійскай федэрацыяй адкрытая мяжа! У Віцебску жывуць мая жонка, дзеці, тут у нас кватэра. Дык няўжо ж мяне вывязуць пад Смаленск ды там, дзесьці ў лесе, і кінуць?" – разважае Пётр Іваноў.
Нягледзячы на пагрозы аб дэпартацыі, ён не спыняе праваабарончай дзейнасці. Кансультуе ўрача Ігара Пастнова, які спрабуе аспрэчыць судовае рашэнне пра прымусовую шпіталізацыю ў псіхіятрычную бальніцу. Днямі напісаў адкрыты ліст у Адміністрацыю прэзідэнта пра тое, як не можа дамагчыся справядлівасці 60-гадовы жыхар Віцебскага раёну Леанід Здрэстаў, вымушаны жыць у кватэры без ацяплення …
Пётр Іваноў расказвае, як падаваў гэты ліст у рэдакцыю абласной газеты "Витебские вести". Там паабяцалі разабрацца і паспрабаваць дапамагчы Леаніду Здрэставу, які не па сваёй віне апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Але сказалі, што не могуць надрукаваць ліст, дзе ўжываецца слова "праваабаронца".