viasna on patreon

У Віцебску судзяць "за нецэнзурную лаянку" пасля затрымання за ўлёткі

2012 2012-01-16T19:34:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ivanou-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пётр Іваноў

Пётр Іваноў

На грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, сябра партыі "Адзіная Расія" і актывіста кампаніі "Гавары праўду" Пятра Іванова за тры дні склалі два розныя пратаколы. Першы знік, другі стаўся прадметам разгляду ў Кастрычніцкім райсудзе. Але так і засталося невядомым, з якой мэтай у кватэры "хулігана" Іванова праводзілі агляд, а па сутнасці – ператрус.

У судзе Кастрычніцкага раёну так і не ўдалося высветліць, што стала прычынай затрымання былога кадравага вайскоўца. Паводле ягоных словаў, ён быў затрыманы 6 студзеня каля Смаленскага кірмаша ў Віцебску, дзе расклейваў улёткі з прапановай падтрымаць 12 студзеня ў судзе мясцовага актывіста Сяргея Каваленку.

"Мяне затрымалі ў 21.35 6 студзеня, калі я адышоўся на 4-5 крокаў ад слупа, дзе павесіў улётку. Пад'ехала міліцэйская машына, мяне адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Недзе праз гадзіну туды ж прыехалі невядомыя мне асобы ў цывільным, якія пачалі камандаваць міліцыянтамі, як складаць пратакол. Урэшце напісалі, што я, запрашаючы ўсіх на суд, заклікаў на акцыю грамадскага непадпарадкавання. Мяне завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Там забралі ключы ад кватэры, а потым пасадзілі ў машыну і павезлі дахаты – каб правесці агляд кватэры. Я быў катэгарычна супраць, але мяне ніхто не слухаў, і ў кватэры, фактычна, правялі сапраўдны ператрус", -- распавёў Петр Іваноў.

З кватэры нічога не забралі, а падчас затрымання ў яго знайшлі 36 улётак з інфармацыяй пра Сяргея Каваленку. І зусім ужо дзіўным было для Пятра Іванова, калі 9 студзеня яго пазнаёмілі з іншым пратаколам, дзе пра ўлёткі ўжо не было ні слова:

"Там было напісана, што мяне затрымалі за нецэнзурную лаянку, якой я перашкаджаў спакою гараджан – на бязлюднай вуліцы а палове на дзесятую вечара… У судзе 16 студзеня два супрацоўнікі міліцыі далі розныя паказанні: адзін цвердзіў, што я брыдкасловіў ужо ў міліцэйскай машыне, другі – што яшчэ на вуліцы, калі мяне папрасілі паказаць пакет з улёткамі".

Пётр Іваноў звярнуў увагу суду на тое, што падчас складання пратакола – другога, бо пра першы ўжо ніхто не згадваў – яму не патлумачылі ягоныя правы і абавязкі. У адпаведнай графе пратаколу няма ні ягонага подпісу, ні подпісаў панятых – калі б спадар Іваноў адмовіўся падпісваць дакумент дэманстратыўна.

Але суддзя  Іна Грабоўская не накіравала пратакол на дапрацоўку, каб яго склалі ў адпаведнасці з законам, і не спыніла адміністрацыйнай справы, хаця паказанні сведкаў былі супярэчлівыя, а Пётр Іваноў даводзіў, што факту хуліганства не было. Суддзя вырашыла задаволіць некалькі ягоных хадайніцтваў і прызначыла дату працягу працэсу – 27 студзеня.  Аднак спадарыня Грабоўская палічыла не датычным да справы высветляць, хто праводзіў агляд у кватэры Івановых, і дзе пастанова пра яго вынікі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства