viasna on patreon

Алег Алкаеў: Выкананне смяротнага прысуду - гэта забойства

2013 2013-12-23T11:24:26+0300 2013-12-23T11:25:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/alkajeu-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Алкаеў

Алег Алкаеў

Што адчувае выканаўца смяротнага прысуду? Пра гэта актывістам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" распавёў Алег Алкаеў, начальнік СІЗА № 1 Мінска ў 1996-2001 гадах, пры ўдзеле якога былі здзейсненыя 134 смяротныя кары праз расстрэл.

Алег Алкаеў сцвярджае, што стрэс пры выкананні смяротнага прысуду "нават няма з чым параўнаць". Ніхто з выканаўцаў першы раз не можа ўявіць, як паўплывае выкананне прысуду на яго псіхічны стан. Пры першым удзеле ў расстрэле ўзнікае  "эфект запаволенага часу" і іншыя прыкметы посттраўматычнага сіндрому.

Інтэрв'ю з Алегам Алкаевым было запісанае пры падрыхтоўцы фільма "Убыл по приговору"
 
- Я вам магу сказаць, што за перыяд маёй эміграцыі адзін выканаўца памёр ад інфаркту ў даволі маладым узросце, да 50-ці не дажыў. Забойства - заўсёды забойства, нават калі паводле закону. І кіраўнікі групаў ... ёсць некаторыя, якія жывуць, ёсць, якія паміраюць у маладым узросце. Можа тут і стрэс вінаваты, можа іншыя акалічнасці. Вядома, выканаўца зведвае пэўныя эмоцыі. Я іх адчуваў. Стрэс. Проста там побач не было ні псіхіятра, ні доктара, які мог бы змераць ступень стрэсу... Усе вашыя інтарэсы ўткнуцца ў дзверы турмы - ніхто вам там нічога не скажа і не пакажа. Выкананне смяротнага прысуду - гэта забойства, страшны цяжар, які кладзецца на тых, хто гэта робіць. Забіць чалавека, які асабіста табе нічога дрэннага не зрабіў, забіць без злосці, без накалу жарсцяў - гэта складана. Выкананне прысуду не ўпісваецца ў межы звыклага жыцця. Ніяк. Абсалютна. Параўнаць няма з чым. 

- Ці можаце апісаць эмацыйны стан пры выкананні смяротнага пакарання ў першы раз?

- Эмацыйны стан у першы раз ва ўсіх аднолькавы. Гэта, па-першае, запаволенае ўспрыманне часу. Я гутарыў пра гэта з супрацоўнікамі. Час запавольваецца ... Выразна бачыш усе дэталі пісталета і як куля вылятае, як у запаволеных здымках ... Я пытаўся ў іншых, яны тое ж самае адчувалі. А потым ужо ўсё нармальна запрацавала ... і пісталет таксама ... Супрацоўнікаў, якіх уключалі ў групу, нават блізка не падпускалі ў першы раз - яны з адлегласці на ўсё глядзелі. Рэакцыя непрадказальная. Можа, прытомнасць страціць, хто ведае, у каго, якая псіхіка. Ён глядзеў з адлегласці спачатку, а наступны раз падыходзіў бліжэй. Не буду дэталі распавядаць, хто як пераносіць, навошта гэта. Прытомнасць ніхто не губляў, вядома. Гэта праца ўсё-такі. Зразумела, што стрэс. І я гэтага не адмаўляю. Гэта забойства, а забойства ніколі беспакарана не праходзіць. Гэта на вайне чалавек страляе з вялікай адлегласці, не ведае, патрапіў ці не патрапіў. І ў яго страляюць таксама. Гэта зусім іншае.

А ступень віны ... Вы што думаеце, што той, хто на курок націскае, адчувае сябе больш вінаватым за іншых? Не, гэтая віна на ўсіх размяркоўваецца. Адзін трымае, другі на курок націскае. Таму асабліва не вылучаўся той, хто страляў, хто трымаў. Таму і група была засакрэчаная, таму і блізкія сваякі не ведалі, нават калегі не ведалі, хто чым займаецца. І гэта выконвалася, перш за ўсё членамі самой групы.

- А стан асуджанага ў чаканні смяротнага пакарання?

- Асуджаныя ... адчуваюць яны ўсё там, на якім узроўні ... на падсвядомым, напэўна, але яны ўсё адчуваюць. Яны ўлоўліваюць шоргаты ўсе. Нават рыпанне абцасаў, ведаюць, хто прыйшоў і навошта прыйшоў. Бібліятэкара ад наглядчыка яны адрознівалі, а наглядчыка ад начальніка. Асуджаны ведае па колькасці крокаў, колькі чалавек прыйшло, навошта прыйшлі. Калі колькасць крокаў перавышае нейкія нормы стандартныя, яны ўжо ведаюць, што прыйшлі не кнігі выдаваць. А самога працэсу выканання я даўно ўжо праціўнік. Таму што гэта не зусім цывілізавана. Гэтая працэдура  прыгнятальная для ўсіх. Наогул  маё меркаванне было такое... Я лічыў, што злачынца наогул не павінен ведаць, што яго асудзілі да смяротнага пакарання. А потым... ёсць маса спосабаў сысці з жыцця спакойна, з адчуваннем, што заснуў.

- Чаму сваякам расстраляных не гавораць пра выкананне смяротнай кары, а паведамляюць, што "убыл по приговору"?

- У асобаў, у дачыненні да якіх выкананы смяротны прысуд, у картцы пішуцца тры словы: "Убыл по приговору". І ніхто не мае права напісаць нічога іншага. Ніхто не мае права тлумачыць гэтыя словы. Нават я. Мы не абавязаныя былі расшыфроўваць гэтую фразу. Тым больш што гэтую фразу прыдумаў не я, яна ішла ад МУС СССР, ад НКВД, а раней пісалі "10 лет без права переписки". Потым вось гэтую фразу выдумалі, яна і дасюль дзейнічае, яе ніхто не адмяняў. І ніхто не будзе тлумачыць - куды "убыл по приговору", навошта і як.

- Як Вы цяпер ставіцеся да такога віду пакарання як смяротная кара?

- Сёння я жыву ў краіне, дзе смяротнай кары няма. І тут трупы на вуліцах не валяюцца. Ніхто нікога не забівае, гэта вельмі рэдка бывае. Існуе без смяротнага пакарання Францыя, дзе гільяціну толькі ў 1980 годзе паставілі ў музей, а так працавала. У Расіі знайшлі ў сабе сілы адмовіцца ад смяротнага пакарання, ва Украіне, ва ўсіх краінах СНД. Беларусь толькі адна засталася ... Так што я праціўнік смяротнага пакарання. Раз гэтыя краіны існуюць, і ўсплёску цяжкіх злачынстваў няма, то, напэўна, гэта самы лепшы доказ, што краіна можа існаваць без смяротнага пакарання. І я сёння ў такой краіне жыву.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства