«Убыл по приговору»: глядзі, думай, вызначайся! (відэа)
Прэм’ерны паказ дакументальнага фільма «Убыл по приговору» адбыўся ў Менску 10 кастрычніка, калі адзначаецца Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. Фільм створаны рэжысёрам Віктарам Трацяковым па сцэнары Паліны Сцепаненка ў межах кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі».
«Убыл по приговору» - словы, якія ў сучаснай Беларусі чуюць сваякі растраляных. Гэта стандартная фраза, якой паведамляюць пра тое, што чалавек пакараны смерцю, і ніхто, нават начальнік СІЗА не можа змяніць у гэтай фармулёўцы ні слова, ніхто са службовых асобаў не мае права прамовіць слова “расcтрэл”. «Убыл по приговору» - гэта казённая формула, адпаведнік слова “раcстрэл” прыйшла ў сучасную Беларусь яшчэ з савецкіх інструкцый, замяніўшы сумнавядомае “10 лет без права переписки”.
«Убыл по приговору» - другі фільм, зняты ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Першы фільм “Прычына смерці – прочырк” быў прысвечаны праблеме нявыдачы целаў сваякам расcтраляных, а таксама ставіў пытанні – чаму дзяржава робіць таямніцу з выканання смяротных прысудаў (дата выканання не паведамляецца, целы расстраляных не выдаюцца сваякам для пахавання), чаму ў пасведчанні аб смерці ў графе “прычына смерці” стаіць прочырк.
У фільме «Убыл по приговору» ставіцца праблема існавання катаў – людзей, якія ад імя дзяржавы прыводзяць прысуд у выканне – пра гэта ў фільме распавядае чалавек, які асабіста прымаў удзел у 134 пакараннях смерцю – Алег Алкаеў, былы начальнік СІЗА № 1 г.Мінска, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда».