viasna on patreon

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў плануе "лятучыя" пікеты

2013 2013-11-18T12:44:16+0300 2013-11-18T12:44:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau-pavel-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

Віцебскі праваабаронца падаў заяўкі на 3 пікеты ў трох раёнах горада, кожны з якіх запланаваны на ўсяго адну хвіліну. Правесці акцыі спадар Левінаў хоча 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека.

Пікеты Паўла Левінава заяўлены як аднаасобныя акцыі, у іх збіраецца ўзяць удзел толькі ён сам. "Лятучымі" пікеты можна лічыць у натуральным сэнсе: роўна па адной хвіліне праваабаронца хоча пабываць у трох месцах Віцебску, вызначаных уладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў.

На думку праваабаронцы, забарона або дазвол на ягоныя акцыі стануць выразнай дэманстрацыяй сапраўднага стаўлення дзяржаўных інстытутаў да папулярызацыі каштоўнасцяў дэмакратычнага грамадства. Бо ў Віцебску ўжо чацьверты год усе масавыя мерапрыемствы па ініцыятыве прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў сістэматычна забараняюцца раённымі і гарадскімі ўладамі. Такім чынам, працяглы час парушаецца права грамадзян на вольнае і публічнае выказванне сваіх меркаванняў.

Дарэчы, праваабаронца Павел Левінаў – не адзіны, хто падаў заяўку на пікетаванне ў Міжнародны дзень правоў чалавека. Заяўку ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну горада падаў старшыня гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Аляксандр Кузняцоў.Мэта мерапрыемства, як напісана ў заяўцы, -- гэта "пратэст супраць палітычных рэпрэсій у краіне, акцыя салідарнасці з палітвязнямі і патрабаванне іх неадкладнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі". У Першамайскую раённую адміністрацыю падалі заяўку на правядзенне пікета Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці, і Аляксей Гаўруцікаў, актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", давераная асоба палітвязня Мікалая Статкевіча.


 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства