Адказ віцебскім актывістам: рашэнне гарвыканкаму застанецца нязменным
Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар Руху “За свабоду” па Віцебскай вобласці, атрымаў адказ на калектыўны ліст ад намесніка старшыні аблвыканкаму А. Дзіуліна. Больш як 40 мясцовых жыхароў прасілі адмяніць рашэнне гарвыканкаму наконт парадку правядзення масавых акцый. Адказ чыноўнікаў аблвыканкаму – адмоўны.
Віцебскія актывісты на працягу ўжо больш як трох гадоў спрабуюць атрымаць дазволы на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, але раённыя адмінімтрацыі такіх дазволаў не даюць. Яны спасылаюцца на рашэнне віцебскага аблвыканкаму, якога заяўнікі акцый выканаць проста не могуць.
На думку віцебскіх актывістаў, рашэнне Віцебскага гарвыканкама ад 10.07.2009 года № 881 супярэчыць беларускаму заканадаўству і не дазваляе грамадзянам рэалізаваць сваё права на публічнае выказванне думак. Так, паводле рашэння гарадскіх уладаў, арганізатары мусяць разам з заяўкай падаваць у раённыя адміністрацыі і копіі дамоваў на абслугоўванне мерапрыемстваў. Але адказныя структуры адмаўляюцца ад заключэння дамоваў з актывістамі паводле розных прычын. А некалькі разоў заяўнікам наўпрост казалі, што заключаць дамоваў не будуць, пакуль няма станоўчага рашэння раённых адміністрацый. Таму актывісты сабралі подпісы пад калектыўным лістом у аблвыканкам, каб дадзены орган улады пасадзейнічаў зменам у рашэнні гарвыканкамі.
Апрача гэтага, 24 ліпеня прадстаўнікі некалькіх грамадскіх структур хадзілі на прыём да намесніка старшыні аблвыканкаму Уладзіміра Цярэнцьева. Спадар Цярэнцьеў не адразу, але выслухаў актывістаў, якія спрабавалі пераканаць чыноўніка ў неабходнасці перагледзець рашэнне гарвыканкаму.
На прыём на чыноўніка, які займаецца пытаннямі ідэалогіі, папярэдне запісаўся віцебскі каардынатар Руху "За свабоду" Хрыстафор Жаляпаў. Пасля сустрэчы ён меў аптымістычныя настрой:
"Спадар Цярэнцьеў да размовы быў падрыхтаваны: у ягоным кабінеце былі ўсе трое раённых "ідэалагаў" - з тых раённых адміністрацый, ад якіх мы ўжо цягам трох гадоў не маем ніводнага дазволу на прапанаваныя намі акцыі. Намеснік старшыні аблвыканкаму нас выслухаў і паабяцаў вывучыць праблему больш грунтоўна. Хаця ён, безумоўна, у курсе гэтай праблемы: нават казаў нам, што перыядычна чытае ў інтэрнэце пра адмовы на акцыі, і загадзя ўжо ведаў пра тое, што мы збіраемся да яго на прыём. Спадар Цярэнцьеў паабяцаў даць нам пісьмовы адказ".
Але адказ прыйшоў за подпісам іншага намесніка старшыні аблвыканкаму -- А.Дзіуліна. У ім напісана, што ўсе ранейшыя адмовы актывісты атрымлівалі на законных падставах, і што рашэнне гарвыканкаму таксама цалкам законнае.
Гэткая фармулёўка ўжо вядомая актывістам. І раней чыноўнікі казалі ім пра немагчымасць зменаў у рашэнне гарвыканкаму -- маўляў, яно прайшло юрыдычную экспертызу, значыцца, яно дасканалае, і аніякіх зменаў не патрабуецца. Віцебскія актывісты спрабавалі адстойваць свае правы нават праз суд, патрабуючы змусць да заключэння дамоваў тых, хто адмаўляўся гэта рабіць. Але і гэта не дапамагло. Суддзі таксама апелявалі да рашэння віцебскага гарвыканкаму, накіроўваючы заяўнікаў па замкнёным коле.