viasna on patreon

У Віцебскім аблвыканкаме не вельмі хацелі размаўляць пра свабоду мірных сходаў

2013 2013-07-24T14:59:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vykankamauskaje.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На прыём да намесніка старшыні аблвыанкаму Уладзіміра Цярэнцьева хацелі трапіць прадстаўнікі грамадскіх стрктур, якія прапануюць ініцыяваць "Народны рэфэрэндум" – Юрась Губарэвіч i Андрэй Дзмітрыеў , якія прыехалі з Мінску, а таксама віцебскія актывісты Хрыстафор Жаляпаў, Аляксей Гаўруцікаў і Лідзія Сагідуліна. Пасля доўгіх спрэчак да чыноўніка прапусцілі толькі траіх актывістаў. А прадметам размовы была немагчымасць атрымаць дазвол на правядзенне масавых мерапрыемстваў.

На прыём на чыноўніка, які займаецца пытаннямі ідэалогіі, папярэдне запісаўся віцебскі каардынатар руху "За свабоду" Хрыстафор Жаляпаў. Ён распавядае:

"Спачатку ўвогуле нікога не хацелі пусціць на прыём, апрача мяне. Хаця спадар Цярэнцьеў да размовы быў падрыхтаваны: у ягоным кабінеце былі усе трое раённых "ідэалагаў"  - з тых раённых адміністрацый, ад якіх мы ўжо цягам трох гадоў не маем ніводнага дазволу на прапанаваныя намі акцыі. Урэшце дамовіліся так: на прыём пускаюць мяне, Аляксея Гаўруцікава, які быў адным з аўтараў калектыўнага ліста з патрабаваннем змяніць рашэнне віцебскага гарвыканкаму наконт арганізацыі масавых акцый, і насмеснік старшыні руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч. Ён распавёў, што ў Мінску дазвол на акцыю атрымаць зусім не праблема, і што там зусім іншы парадак атрымання дазволаў".

Рашэнне Віцебскага гарвыканкама ад 10.07.2009 года № 881 супярэчыць беларускаму заканадаўству і не дазваляе грамадзянам рэалізаваць свае права на публічнае выказванне думак. Так, паводле рашэння гарадскіх уладаў, арганізатары мусяць разам з заяўкай падаваць у раённыя адміністрацыі і копіі дамоваў  на абслугоўванне мерапрыемстваў. Але адказныя структуры адмаўляюцца ад заключэння дамоваў з актывістамі паводле розных прычынаў. А некалькі разоў заяўнікам наўпрост казалі, што заключаць дамоваў не будуць, пакуль няма станоўчага рашэння раённых адміністрацый. Таму актывісты сабралі подпісы пад калектыўным лістом у аблвыканкам, каб вышэйшы орган улады пасадзейнічаў зменам у рашэнні гарвыканкамі.

Але пакуль пра змены не вялося, працягвае Хрыстафор Жаляпаў:

"Намеснік старшыні аблвыканкаму нас выслухаў і паабяцаў вывучыць праблему больш грунтоўна. Хаця ён, безумоўна, у курсе гэтай праблемы: нават казаў нам, што перыядычна чытае ў інтэрнэце пра адмовы на акцыі, і загадзя ўжо ведаў пра тое, што мы збіраемся да яго на прыём. Спадар Цярэнцьеў паабяцаў даць нам пісьмовы адказ. А калі ён нас не задаволіць, магчыма, будзе арганізавана сустрэча з тымі, хто падпісаў калектыўны ліст".

 Віцебскія актывісты  спрабавалі адстойваць свае правы нават праз суд, патрабуючы змусць да заключэння дамоваў тых, хто адмаўляўся гэта рабіць. Але і гэта не дапамагло.  Суддзі таксама апелявалі да рашэння віцебскага гарвыканкаму, а чыноўнікі, у сваю чаргу, казалі пра немагчымасць у гэтым дакуменце аніякіх зменаў: маўляў, ён прайшоў юрыдычную экспертызу, значыцца, ён дасканалы, і аніякіх зменаў не патрабуецца.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства