«Прэс-фота Беларусі» забралі ў КДБ?
Пра гэта ГА «БАЖ» паведамілі прадстаўнікі Ашмянскай мытні, куды прэс-служба арганізацыі патэлефанавала даведацца лёс альбомаў.
«Усе матэрыялы былі перададзеныя прадстаўнікам Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Гэта ўсё, што магу вам сказаць...», – сказаў начальнік аддзелу па барацьбе з кантрабандай і адміністратыўна-мытнымі парушэннямі Ігар Якуценка.
Пацвердзіць гэтыю інфармацыю ў КДБ пакуль не ўдалося – у бюро прыёму грамадзян, куды скіраваў прэс-службу ГА «БАЖ» дзяжурны гэтай установы, не здымаюць слухаўку.
Нагадаем, што ў сярэдзіне студзеня ГА «БАЖ» атрымала з Ашмянскай мытні пісьмовы адказ на свой ранейшы запыт наконт альбомаў “Прэс-фота Беларусі 2011”. Арганізацыя цікавілася, ці знішчаныя кнігі, хто рабіў мытную экспертызу і г.д.
З ліста вынікала, што фотаальбомы не толькі не знішчаныя, але яшчэ і маюць шанец вярнуцца да ўладальнікаў. Мытня падазравала ў кнігах “экстрэмізм”, але упраўленне ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама ў часе экспертызы яго не ўгледзела. На момант перапіскі ашмянскія мытнікі чакалі, калі ідэолагі аддадуць ім альбомы, каб яны, у сваю чаргу, маглі аддаць іх уладальнікам.
Калі 19 лютага ГА “БАЖ” пацікавілася, ці ёсць прагрэс у гэтай справе, супрацоўнікі мытні сказалі, што “сітуацыя змянілася”, папрасілі ператэлефанаваць праз 15 хвілін, а пасля паведамілі пра перадачу альбомаў у КДБ.
Нагадаем, што 41 фотаальбом з фотаздымкамі мінулагодняга конкурсу "BELARUS PRESS PHOTO" забралі 12 лістапада 2012 года на памежным пераходзе "Каменны лог" у беларускіх фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч.
У канцы лістапада Ашмянскае аддзяленне мытні праінфармавала Васюковіча, што "друкаваная прадукцыя - BELARUS PRESS PHOTO ў колькасці 41 асобніка на падставе вынікаў правядзення мытнай экспертызы прызнаецца незаконнай (не адпаведнай Дзяржаўнаму стандарту РБ СТБ 7.4-2009 "Выданні. Выходныя звесткі") і падлягае знішчэнню.
Гэтая інфармацыя ўзрушыла не толькі беларускую, але і міжнародную грамадскасць і набыла вялікі розгалас.