Пасажыра з Нямігі, якога адбівалі людзі, будуць судзіць
Намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Яўсееў заявіў, што дзеянні чалавека, які ўмяшаўся ў канфлікт паміж пасажырамі і кандуктарам, падпадаюць пад катэгорыю правапарушэння і інцыдэнту на прыпынку ў Мінску «будзе дадзеная прававая ацэнка».
Ігар Яўсееў заяўляе, што па факце інцыдэнту на прыпынку ў Мінску праводзіцца праверка, апытваюцца сведкі і ўдзельнікі. Матэрыялы будуць перададзеныя ў пракуратуру і суд Цэнтральнага раёна.
У сераду ў аўтобусе №38, які ідзе па вуліцы Няміга, студэнт адмовіўся плаціць за праезд, іншы пасажыр уступіўся за яго. Кандуктар звярнуўся па дапамогу да міліцыянта, які ехаў у аўтобусе. Пачалася буча. Безбілетнік «пад шумок» уцёк, заступніка затрымалі, прычым груба. Жорсткасць затрымання абурыла людзей. Жанчыны кінуліся на міліцыянтаў. У справу быў вымушаны ўмяшацца спецназ.
«Жывёла ты!» — крычала адна з жанчын міліцыянеру, які круціў рукі схопленаму чалавеку. «Адпусціце яго! Што вы творыце?» — даносіцца з тлуму на адрас праваахоўнікаў. "За васемсот рублёў чалавека б'юць", -- абураліся людзі.
Затрыманаму супрацоўнікі праваахоўных органаў разбілі галаву да крыві. Відавочцы паведамляюць, што ён не супраціўляўся міліцыянтам.
«Я ўпершыню такое бачу, калі адразу столькі людзей выступаюць супраць дзеянняў міліцыі. Там сабралася вельмі шмат народу — ад 50 да 100 чалавек. Яны патрабавалі ў міліцыянераў адпусціць чалавека. Усё было на мяжы зрыву. Вельмі канфліктная сітуацыя», — распавёў у размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» фатограф Антон Матолька, які стаў сведкам падзей. «Усё адбылося ля аптэкі, што пад прыступкамі, што вядуць на другі паверх гандлёвага дома "На Нямізе". Адзін з міліцыянераў закруціў рукі затрыманаму, чапляў на іх кайданкі. Другі спрабаваў стрымліваць людзей. Пасля ўмяшальніцтва большай колькасці міліцыянераў затрыманага пагрузілі ў машыну і павезлі», — дадае ён.
Партал tut.by змог узяць каментар у збітага міліцыянтамі мужчыны. Яго завуць Алег.
«Ну, заступіўся за хлопца. Пераконваў кантралёра, каб адпусціла безбілетніка. Аўтобус спыніўся, а сварка паміж мною і кантралёркай працягвалася. Хлопец паспеў уцячы, а мне не ўдалося.
Потым разгортваліся падзеі па нарастаючай, ведаеце, як снежны ком з гары ляціць. Проста стала шкада хлопца, калі б гэта быў нейкі нягоднік… Цяпер гэта справа афармляецца афіцыйна. Непадпарадкаванне уладам», — распавёў ён журналістам.
Па версіі прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама, сітуацыя развівалася такім чынам: «Кантралёр у грамадскім транспарце вылавіў безбілетніка, які адмаўляўся плаціць штраф. Абуранага безбілетніка вывелі на прыпынак, дзе ён працягнуў абурацца. Кантралёр звярнулася да нарада міліцыі з просьбай паўплываць на хулігана, бо той парушае грамадскі парадак.
Міліцыянты ўступілі ў размову з парушальнікам, які зразумеў, што не мае рацыі і пагадзіўся заплаціць штраф. У гэты час нехта з аўтобуса пачаў абурацца дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі. І ўступіў у сварку — пачаў іх абражаць, весці сябе непрыстойным чынам. Загуў увесь прыпынак.
Нехта быў за супрацоўнікаў міліцыі, хтосьці супраць».
Рэпарцёры фіксуюць у Мінску настроі абурэння і гневу ростам цэн і дэвальвацыяй. Адзін мужчына заявіў рэпарцёрцы: «Як ён [Лукашэнка] з намі, так і мы з ім. Не будзем плаціць за праезд». Яны пераносяць абурэнне ўладамі на гарадскія і камунальныя службы, а таксама на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія да эканамічных праблем ні пры чым.