Мінскім анархістам пракурор запрасіў ад 3 да 9 гадоў (абноўлена)
І.Аліневіч, М.Дзядок і А.Францкевіч, паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, павінны сядзець у калоніі ўзмоцненага рэжыму -- 9, 6 і 5 гадоў адпаведна. АКрамя таго, у Аліневіча пракурор прапануе канфіскаваць маёмасць у выглядзе аўтамабіля. Для Я.Сілівончыка і М.Веткіна пакаранне запрошана больш мяккае -- абмежаванне волі на 3 і 4 гады.
***
Ігар Аліневіч, Максім Веткін, Мікалай Дзядок, Аляксандр Францкевіч і Яўген Сілівончык – актывісты анархісцкага, сацыяльнага, антыфашыстоўскага і антыядзернага руху. Судовы працэс над маладымі людзьмі ідзе ў Заводскім судзе Мінска яшчэ з 18 траўня.
Маладых людзей абвінавачваюць у здзяйсненні шэрагу палітычных акцый, у прыватнасці, у нападзе на амбасаду РФ у Менску ў жніўні 2010 года. Ім прад'яўленыя абвінавачванні па артыкулах «злоснае хуліганства» (ч.2 арт.339 КК РБ) і «наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці» (ч.2 і 3 арт.218 КК РБ). Францкевіч абвінавачваецца таксама ў «кампутарным сабатажы», «несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі» і «распрацоўцы, выкарыстанні альбо распаўсюджванні шкоднасных праграм» (ч.2 арт. 349, ч.2 арт. 351, арт. 354 КК РБ).
Чацьвёра з пяці фігурантаў справы знаходзяцца пад вартай: Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч – з 3 верасьня, а Максім Веткін – з 4 лістапада 2010 г. Ігар Аліневіч увогуле быў выкрадзены беларускімі спэцслужбамі з Масквы 28 лістапада 2010 г. Яўген Сілівончык знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Дзядок, Францкевіч і Аліневіч віны не прызнаюць, Веткін і Сілівончык – часткова (не было намеру на псаваньне маёмасьці).
Сёння на працэсе па справе анархістаў пачынаюцца судовыя спрэчкі. Чакаецца, што пракурор запросіць ім тэрміны пакарання.Максімальны тэрмін пакарання па прад'яўленым крымінальным артыкулам -- 10 гадоў зняволення.