Маладафронтавец знік пасля вызвалення з Акрэсціна
Уладзімір Яроменак павінен быў выйсці на свабоду 26 студзеня ў 20 гадзін
з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў па завулку Акрэсціна. Супрацоўнікі Цэнтра ізаляцыі
паведамляюць, што Уладзіміра вызвалілі. Адвакат і сябры Уладзіміра
Яроменка пакуль не могуць даведацца, дзе ён.
Малады чалавек адбываў 7-сутачны
арышт за ўдзел у акцыі 19 снежня. На адміністрацыйны арышт хлопец
патрапіў пасля візіту ў КДБ – чэкісты забралі Уладзіміра з дому і адвезлі на
допыт у якасці сведкі па справе аб масавых беспарадках. Суткі з хлопцам не было сувязі,
і толькі 20 студзеня стала вядома, што суд Маскоўскага раёна прысудзіў юнаку 7
сутак арышту за ўдзел у мірнай акцыі 19 снежня. Да гэтага Уладзімір Яроменак ужо
адбываў 15-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасці на плошчы Незалежнасці
20 снежня.