viasna on patreon

Блакаванне сайтаў і пераслед сям'і Зельцэра: хроніка пераследу за 21 кастрычніка Дапоўнена

2021 2021-10-21T13:13:24+0300 2021-10-22T09:39:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uspenskaja-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 21 кастрычніка. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы, палітвязняў кідаюць у ШІЗА і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

МУС Беларусі прызнала тэлеграм-канал «Кіберпартызаны» і тэлеграм-чат «Кібер-Слівы» экстрэмісцкім фарміраваннем.

Раней экстрэмісцкімі фарміраваннямі былі прызнаныя «Дружыны народнай самаабароны — ДНС» і тэлеграм-чат «ДНС чат», «Буслы ляцяць», іх чат, партал, які размяшчаў карту дваровых чатаў, і ініцыятыва «Рабочы рух», піша "Наша Ніва".


Таксама ў Беларусі заблакаваны сайт Telegraf.by. Пры спробе адкрыць галоўную старонку навінавага рэсурсу ў некаторых карыстальнікаў з'яўляецца паведамленне аб тым, што доступ да яго "абмежаваны па рашэнні Міністэрства інфармацыі". Пры гэтым сайт даступны карыстальнікам за мяжой і праз VPN. У рэдакцыі Telegraf.by пакуль не каментуюць прычыны блакавання. 


Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) 20 кастрычніка прыняў рашэнне па скарзе адваката беларуса Вадзіма Дубойскага. Жыхар Брэста зараз знаходзіцца ў Белгарадскім СІЗА, яго чакае выдача на радзіму. ЕСПЧ забараніў гэта рабіць, бо пагадзіўся з довадамі абароны пра пераслед і магчымасці катаванняў да беларуса. Пра гэта @navinyonline паведаміла сястра хлопца.

У жніўні 2020 года Вадзіма затрымалі і збілі, але адпусцілі без пратаколу. Мужчына зняў пабоі — і на яго завялі справу за масавыя беспарадкі. Увосень 2020 гады ён з'ехаў у Расію, дзе і быў затрыманы.


Жонку Андрэя Зельцэра, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ, перавялі ў РНПЦ псіхічнага здароўя "Навінкі"

Марыя Успенская.

Там Марыя Успенская будзе праходзіць псіхіятрычную экспертызу, паведамляе "Еўрарадыё". Жанчыну накіравалі ў “Навінкі” некалькі дзён таму з СІЗА №1, і ўпершыню за ўвесь час ёй атрымалася перадаць перадачу, піша Андрэй Стрыжак.


Актывіст “Руху За Свабоду” з Полацку Аляксей Панамароў 20 кастрычніка быў асуджаны да адміністрацыйнага арышту за рэпост экстрэмісцкага тэлеканала на сваёй старонцы "ВКонтакте". 

Пратакол на яго склалі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

Згодна с пратаколам, Аляксей на сваёй старонцы «Вконтакте» зрабіў рэпост са старонцы канала Бе*сат, які быў прызнаны «экстрэмісцкім». Суд прызнаў Панамарова вінаватым і пакараў яго 7-сутачным арыштам.


У Мінску затрыманы сябра Каардынацыйнай рады Мікалай Шыбека. Дома адбыўся ператрус, у ходзе якога канфіскаваныя ноўтбук і тэлефоны. Па словах ягонай дзяўчыны, Шыбека зараз дастаўлены ў КДБ.


У культуролага Аксаны Зарэцкай зноў прайшоў ператрус

"Я на волі. Супрацоўнікі міліцыі абмежаваліся допытам і ператрусам. Афіцыйная прычына зусім фантасмагарычная: нейкі цэлы падпалкоўнік з Магілёва вырашыў, што я датычная да дэструкцютыўнай дзейнасці ў сетцы «Аднакласнікі» і ў мяне дома знаходзяцца матэрыялы, якія праліваюць святло на завадатараў абразаў нпа супрацоўнікаў міліцыі", - напісала Аксана ў Facebook.

У траўні ў яе ўжо праходзіў ператрус. У сярэдзіне чэрвеня яе затрымалі на прэм'еры спектакля "Белы Трус, Чырвоны Трус". Тады Аксане прысудзілі 2900 рублёў штрафу.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства