Жыхара Жлобіна асудзілі на 1,5 года "хатняй хіміі" за цікаўнасць да паслявыбарчага мітынгу
У судзе Жлобінскага раёна 25 жніўня разглядзелі крымінальную справу ў дачыненні да 23-гадовага Уладзіслава Паважнага, якога вінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушалі грамадскі парадак у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года.
Пасяджэнне вёў суддзя Яўген Ерафееў, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Андрэй Аношка.
Згодна з абвінавачваннем, Уладзіслаў Паважны ў ноч з 9 на 10 жніўня прыехаў у цэнтр Жлобіна, дзе з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх палітычна-грамадскіх поглядаў і пратэсту супраць ходу і вынікаў выбараў, а таксама з мэтай вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на абвастрэння напружанасці ў грамадстве, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што парушалі грамадскі парадак: разам з іншымі пратэстоўцамі выкрыкваў лозунгі, свісцеў, гучна пляскаў у далоні, выходзіў на праезную частку, стаяў у счэпцы, дэманстратыўна зняважліва адмаўляўся ад выканання патрабаванняў міліцыянтаў. Дзеянні хлопца былі спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады і перашкодай нармальнаму руху транспарту (аўтобусы №2, №7, №10 і №23 былі вымушаныя змяніць маршрут) і функцыянаванню прадпрыемстваў (кругласуткавы магазін “Мир продуктов” вымушаны быў спыніць працу на некалькі гадзін).
Абвінавачаны быў затрыманы на 72 гадзіны з 9 па 11 чэрвеня бягучага года, пасля вызвалены пад асабістае паручальніцтва і падпіску аб нявыездзе. Па месцы яго пражывання быў праведзены вобшук, канфіскаваны тэлефон і адзенне абвінавачанага.
Уладзіслаў Паважны прызнаў віну поўнасцю. Суду патлумачыў, што палітыкай не цікавіўся, але паслявыбарчыя падзеі былі яму цікавыя, бо такога ніколі не было ў Жлобіне. Пра тое, што адбудзецца акцыя пратэсту, ведаў увесь Жлобін. Уладзіслава ніхто ў цэнтр горада не запрашаў, ён пайшоў туды праз свой інтарэс – пастаяць і паглядзець, што будзе адбывацца.
“Вы чалавек з вышэйшай адукацыяй… Навошта? Як вы прынялі гэтае рашэнне — пайсці-пастаяць?” — запытаў пракурор.
“Магчыма, нейкі цяжкі дзень выдаўся, і я вырашыў проста паглядзець. Зразумела, што я не хацеў прымаць у грубых дзеяннях удзелу… Проста пад уздзеяннем натоўпу, стала цікава… Я пастаяў, калі так можна сказаць. Я не пляскаў у далоні, нічога не крычаў”, — адказаў Уладзіслаў.
Спачатку хлопец ішоў па тратуары, праезная частка была ўжо перакрытая, таму ў нейкі момант ён разам з іншымі людзьмі выйшаў на дарогу.
“Дзве гадзіны — гэта дастатковы час, каб задаволіць сваю цікаўнасць? Ну, прыйшоў выпадковы чалавек, паглядзеў — сабраліся нязгодныя, па вашых паказаннях, ну, паглядзеў. Чаму вы не сышлі дамоў?” — дапытваўся пракурор.
“Хацеў даглядзець да канца… Але не ўсведамляў у той момант, а цяпер — разумею, што быў там вельмі доўгі час, і банальная цікаўнасць адыграла злы жарт”, — адказаў Паважны.
Уладзіслаў чуў, як людзі размаўлялі паміж сабой, некаторыя выкрыквалі лозунгі — “Жыве Беларусь!”, “Міліцыя з народам”, пляскалі ў далоні, агрэсіўна настроеных людзей абвінавачаны не бачыў, сам ён нічога не рабіў.
Пазней пачалі падцягвацца супрацоўнікі міліцыі ў абмундзіраванні са шчытамі, якія папярэджвалі пратэстоўцаў пра неабходнасці разысціся. Уладзіслаў Паважны ў той момант не адрэагаваў на папярэджанні супрацоўнікаў. У нейкі момант супрацоўнікі пачалі адцясняць грамадзянаў, тады іншыя пратэстоўцы падхапілі абвінавачанага ў счэпку. Ён прастаяў некаторы час, а калі супрацоўнікі міліцыі сталі набліжацца, хлопец выйшаў з натоўпу і сышоў з месца падзей.
“Зразумеў, што даглядзеўся… <…> Гэта быў перабор, ні пра якую счэпку не павінна было быць і размовы”, — тлумачыў абвінавачаны.
Падчас следства Уладзіславу прад’яўлялі відэаматэрыялы, на якіх ён апазнаў сябе: хлопец знаходзіўся ў цэнтры і ў счэпцы.
На пытанні адваката Уладзіслаў адказаў, што цяпер яго жыццёвая пазіцыя цвёрдая, ён з упэўненасцю можа сказаць, што такога больш не паўторыцца, падтрымлівае дзеючую ўладу і раскайваецца ў тым, што здзейсніў.
Пракурор спрабаваў даведацца, адкуль абвінавачаны зараз атрымлівае інфармацыю. На гэта Паважны адказаў, што глядзіць беларускія праграмы і тэлеперадачы па БТ, глядзеў на ютуб-канале выступ Лукашэнкі. Таксама Аношка запытаў, ці цікавіцца Уладзіслаў палітыкай, на што атрымаў адмоўны адказ.
У судзе былі апытаныя ў якасці сведак супрацоўніца па перавозках, вадзіцель аўтобуса, маці і бацька абвінавачанага, пасля чаго даследаваныя пісьмовыя матэрыялы па справе.
Падчас спрэчак бакоў пракурор Андрэй Аношка прасіў суд прызнаць Уладзіслава Паважнага вінаваты ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў.
Адвакатка выказала здагадку, што больш Уладзіслаў не здзейсніць падобных учынкаў, а пачуцці сораму і раскаяння за тое, што ён здзейсніў, будуць з ім на працягу жыцця і не дазволяць у далейшым паступаць неабдумана. Таксама ён зразумее, што свае погляды можна адстойваць толькі законнымі метадамі. Абаронца пагадзілася з прапанаваным пракурорам пакараннем і палічыла, што “яно будзе садзейнічаць яго выпраўленню і перавыхаванню, і ў той жа час – будзе карай за здзейсненае злачынства і дасць яму магчымасць рэалізаваць свае лепшыя якасці ў жыцці як спецыяліста і чалавека”.
У апошнім слове Паважны яшчэ раз прызнаў віну і раскаяўся, абяцаў не паўтараць памылак, прасіў даць магчымасць працягнуць працу і не пазбаўляць яго свабоды.
У выніку суддзя Яўген Ерафееў палічыў віну Уладзіслава Паважнага даказанай і прызначыў яму адзін год і шэсць месяцаў “хатняй хіміі”.