viasna on patreon

Мінчука асудзілі за SMS-паведамленне у адрас жонцы амапаўца, але ён яго не пасылаў

2021 2021-03-10T18:05:52+0300 2021-03-10T22:51:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aleh_zubrycki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя суда Цэнтральнага раёна горада Мінска Вікторыя Шабуня 10 сакавіка агучыла прысуд у дачыненні да Алега Зубрыцкагатры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Менавіта такое пакаранне запытваў дзяржабвінаваўца Арцём Цвяткоў. Асудзілі ж Алега па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). А менавіта — за SMS-паведамленне з пагрозамі, дасланае 14 жніўня ў адрас жонкі амапаўца Ганны Навумчык (ёй Алег таксама павінен выплаціць маральную кампенсацыю памерам у 2500 беларускіх рублёў). Сам Зубрыцкі кажа, што паведамленне не пасылаў, а яго абарона звяртае ўвагу на адсутнасць доказаў. "Вясна" сачыла за тым, як разгортвалася судовае следства па гэтай справе.

Алег Зубрыцкі
Алег Зубрыцкі

Спярша крымінальная справа ў дачыненні да Зубрыцкага будавалася на паведамленні з пагрозамі, пасланым праз Viber 12 жніўня 2020 года Ганне Навумчык. Пасля таго, як Зубрыцкі паказаў, што яго тэлефонны нумар не зарэгістраваны ў Viber і даказаў гэта, абвінавачванне змянілася: яму паставілі ў віну адпраўку ўжо SMS-паведамлення, датаванага 14 жніўня. На гэта абарона і сам абвінавачаны звярталі ўвагу яшчэ ў першы дзень судовага пасяджэння:

Пачаўся суд за абразу жонкі супрацоўніка АМАПа

Суд Цэнтральнага раёна горада Мінска 26 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). На лаве падсудных – 31-гадовы Алег Зубрыцкі.

Падчас судовага працэсу абарона Зубрыцкага звяртала ўвагу і на факт існавання рапарту ад 13 жніўня (ён быў складзены ў той час, калі Алегу яшчэ ставілася ў віну дастаўка паведамлення праз Viber 12 жніўня). Калі Алега сталі вінаваціць за SMS ад 12 жніўня, то чаму тады існуе гэты рапарт ад 13 жніўня? Але суддзя Шабуня запярэчыла, што "суд разглядае справу толькі ў межах прад'яўленага абвінавачванні" (то бок, за 14 жніўня). Таму гэтая дзіўная асаблівасць засталася без увагі суда.

"То за 14 жніўня, то за 12 жніўня ... пара б ужо спыніцца на нейкай адной версіі, а не паўгода кашмарыць чалавека", — сказаў Зубрыцкі на судовым пасяджэнні 5 сакавіка.

У матэрыялах крымінальнай справы, якія разглядаліся на судзе, фігуруе скрыншот SMS-паведамлення ад 14 жніўня — але ён, на думку Зубрыцкага, з'яўляецца спрэчным па некалькіх прычынах:

  • Калі з моманту дастаўкі SMS-паведамленні прайшоў дзень, то яно адлюстроўваецца ў тэлефоне з подпісам даты яго адпраўкі — у дадзеным выпадку гэта "14 жніўня, 09:27". Аднак на скрыншоце, які лёг у матэрыялы справы і які быў зроблены пасля 14 жніўня, бачны надпіс "сёння".
  • Калі зрабіць скрыншот SMS-паведамлення, то там павінна быць бачна ўся гісторыя ўзаемадзеянняў абанентаў (у дадзеным выпадку—Зубрыцкага і Навумчык). Справа ў тым што Зубрыцкі спрабаваў тэлефанаваць у жніўні Ганне Навумчык, але яе абанент быў недаступны. Таму ёй прыйшло аўтаматычнае паведамленне аб прапушчаным званку ад Алега. Гэтыя дзеянні (званок і аўтаматычнае паведамленне) і павінны былі быць бачныя на тэлефоне Ганны, а значыць — і на скрыншоце з гэтага тэлефона. Але іх там няма.
  • Існуе куча прыкладанняў, з дапамогай якіх можна памяняць дату дастаўленага SMS — і потым з гэтага зрабіць любы скрыншот.

Разабрацца ў сапраўднасці дастаўкі SMS-паведамлення, якое фігуруе на скрыншоце, дапамагла б экспертыза мабільнага тэлефона Ганны Навумчык, куды яно і прыйшло. Аднак пацярпелая сказала на судовым пасяджэнні 4 сакавіка, што неспадзявана разбіла тэлефон, затым аднесла яго да майстра — а той прадаў яго на запчасткі. Гэты адзіны каштоўны рэчавы доказ, як адзначыла абарона, мог бы расставіць усе кропкі над "і" ў справе Зубрыцкага, але ён чамусьці быў згублены. Суд на гэта ўвагі не звярнуў.

Тэлефон жа самага Зубрыцкага на экспертызу аддаваўся. На пасяджэнні 5 сакавіка Алег адзначыў:

"Мой тэлефон здаваўся на экспертызу, і паведамленне там не было выяўлена. Нават калі б яно было [мной] выдаленае, то экспертыза ўсё роўна б яго выявіла".

Асабісты тэлефон Зубрыцкага, з якога "было паслана SMS-паведамленне з пагрозамі", Шабуня ў прысудзе пастанавіла канфіскаваць.

sud_centralny.jpg
Суд Цэнтральнага раёна горада Мінска

Пацярпелая Ганна Навумчык падала пазоў у дачыненні да Зубрыцкага аб маральнай кампенсацыі памерам у 2500 беларускіх рублёў. Сваю пазіцыю па пазове яна патлумачыла на судовым пасяджэнні 5 сакавіка:

"Мне пагражалі, я адчула шок, стрэс. Я выдаткоўвала вялікія сумы на лекі. Таксама я спрабавала зацяжарыць — і ў мяне не атрымліваецца. Мой лекар кажа, што гэта на фоне стрэсу".

Аднак падчас судовых спрэчак 9 сакавіка Ганна Навумчык раптам сказала, што адмаўляецца ад пазову. Тады суддзя прапанавала "параіцца" і зрабіла перапынак на некалькі хвілін. Пасля гэтага пацярпелая змяніла пазіцыю — пазоў яна ўсё ж такі падтрымлівае.

Абарона Зубрыцкага падчас судовых спрэчак адзначыла, што маральныя пакуты пацярпелай маглі залежаць не ад аднаго паведамлення Зубрыцкага (калі выказаць здагадку, што ён сапраўды яго паслаў), а ад шэрагу паведамленняў – бо Ганне ў жнівеньскія дні пісала мноства людзей, паколькі яе нумар быў размешчаны ў тэлеграм-канале "Каратели Беларуси".

Сам Алег Зубрыцкі яшчэ ў пачатку судовага працэсу (26 студзеня) адзначыў, што так як нікога з тых, хто пісаў Ганне, не знайшлі — то ўсё вырашылі "павесіць" на яго.

Від з вакна суда Цэнтральнага раёна
Від з вакна суда Цэнтральнага раёна

Дзяржабвінаваўца ў судовых спрэчках 9 сакавіка адзначыў, што абцяжваючай акалічнасцю віны Зубрыцкага з'яўляецца "здзяйсненне злачынства па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці". Абвінавачаны ж віны не прызнаў:

“Я не пісаў ні праз Viber, ні праз SMS ніякіх пагроз. У мяне няма ніякай палітычнай варожасці, я палітыкай наогул не цікаўлюся", — сказаў Алег падчас судовых спрэчак.

Свой прысуд Алег Зубрыцкі плануе абскардзіць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства