Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў Марыі Сафонавай і Андрэя Сысуна
Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
Мінск, 25 лютага 2021 г.
У сувязі з атрыманнем інфармацыі аб накіраванні для адбыцця пакарання ў выглядзе арышта па раней вынесеных прысудах судоў па арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) у дачыненні да Марыі Сафонавай і Андрэя Сысуна, мы ,прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:
12 лістапада 2020 г. суд Ленінскага р-на г. Мінска вынес прысуд у дачыненні да жыхаркі Мінска Марыі Сафонавай і прысудзіў яе да двух месяцаў арышту па арт. 341 КК (апаганьванне збудавананняў і псаванне маёмасці).
Суд прызнаў вінаватай Марыю Сафонаву ў тым, што яна 7 кастрычніка нанесла фарбай на дзверы тэхнічанага памяшкання па адрасе вул. Балтыйская ў г. МІнску, а таксама на ўрны для смецця ў двары дамоў, на пакрыццё тратуараў і асвятляльныя мачты надпісы “Жыве Беларусь” і выявы ў выглядзе бел-чырвона-белага сцяга, што знізіла эстэтычныя характэрыстыкі металічных дзвярэй тэхнічнага памяшкання і выклікала неабходнасць афарбоўкі гэтых элментаў і ўкладкі новага асфальтнага пакрыцця, што пацягнула маёмасную шкоду шэрагу прадпрыемстваў.
Заключэнне групы экспертаў і юрыстаў «Вясны» па крымінальнай справе Марыі Сафонавай
Андрэй Сысун быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 341 КК прысудам суда Вілейскага р-на і прыгавораны да трох месяцаў арышту. Паводле прысуда суда Андрэй Сысун ажыцявіў псаванне маёмасці шляхам нанясення надпісаў на дзвярах пад’езда, на тратуранай плітцы, лесвічнай пляцоўцы і электрычных шчытках надпісаў “Жыве Беларусь”, “Лука сыходзь!” і “3%”, што пацягнула маёмасную шкоду ў памеры 167 рублёў.
У сувязі з гэтым, мы ў чарговы раз адзначаем, што змест надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх месяцаў, сведчаць аб тым, што матывамі іх нанясення было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы.
Змест нанесеных надпісаў не можа быць кваліфікавана як апаганьванне збудаванняў надпісамі цынічнага зместу і адпаведна кваліфікавана па арт. 341 КК.
Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.
У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Абвінавачаныя не пасягалі на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчылі іх. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах. Таксама абвінавачаныя паказалі, што яны не мелі на мэце заклікаць да гвалту ці нейкіх гвалтоўных дзеянняў і іх прапаганду.
Надпісы не маглі і не прывялі да значнага пашкоджання ці знішчэння аб'ектаў, на якія яны былі нанесеныя, а матэрыяльная шкода ад такіх надпісаў відавочна насіла сімвалічны характар.
У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Марыі Сафонавай і Андрэя Сысуна палітычна матываваным, а саміх Марыю Сафонаву і Андрэя Сысуна палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Марыі Сафонавай і Андрэя Сысуна, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
- Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве " Хьюман канстанта”;
Iніцыятыўная група "ідэнтычнасць і права".