Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Максіма Вінярскага, затрыманага па справе аб масавых беспарадках
Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
Мінск, 28.02.2021г.
У сувязі з інфармацыяй аб затрыманні 22 студзеня супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС ў якасці падазраванага па арт. 13 ч. 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса ("Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках") актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.
Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Варта адзначыць, што прадстаўнік кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі з’яўляецца прынцыповым і даўнім праціўнікам існуючага палітычнага рэжыму ў краіне.
За сваю выключна мірную апазіцыйную, публічную палітычную дзейнасць ен неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям з боку дзеючай улады: штрафам, адміністратыўным арыштам, збіццю, запалохванням і ціску.
Мы ацэньваем пераслед Максіма Вінярскага, які падазраецца ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадкаў (арт. 13 ч.2 артыкула 293 КК), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з ягонай публічнай палітычнай дзейнасцю і прызнаем яго палітычным зняволеным.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязня, актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярксага і спыніць ягоны крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр.